Прарасійскі «траянскі табун» для Беларусі

Яшчэ адна прарасійская партыя ў Беларусі на гарызонце. Гэтым разам «Радзіма», піша аналітык даследчага цэнтра Eurasian States in Transition Андрэй Елісееў.

kon_1.jpg


«Раней падрабязна пісаў пра ініцыятыву стварэння прарасійскай партыі “Саюз”. А вось і рыштунак яшчэ аднаго траянскага каня падаспеў. З такімі тэмпамі хутка будзе цэлы траянскі табун», — цытуе эксперта «Салідарнасць».

Днямі ў Мінску прайшоў устаноўчы сход рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Рух Радзіма». Яго кіраўнік Пётр Шапко не хавае, што мэта — пераўтварэнне ў палітычную партыю. А вось і фундаментальныя ідэі з каментара «Спутніку»: «Мы б хацелі бачыць нашу краіну Рэспубліку Беларусь як узорную рускую дзяржаву... Мы бачым сваю ролю і нацыянальную ідэю для беларусаў — стаць такім узорам дзяржавы, якая запусціць момант спаборніцтва ўнутры Саюзнай дзяржавы... і ў такім спаборніцтве для нас ужо не мае значэння, хто пераможа, хто выйграе. Важна, каб быў запушчаны сам працэс».

Што ж, адкрыта. Зрабіць Беларусь «рускай дзяржавай».

Наогул, і «Саюз» і «Радзіма» — гэта не столькі прарасійскія, колькі антыбеларускія ініцыятывы. Дзяленне на «прарасійскія» і «празаходнія» ініцыятывы наогул шмат у чым ілжывае, асабліва ў цяперашняй сітуацыі.

Любая легітымная палітычная сіла, усё роўна абвяшчае яна сябе «прарасійскай», «празаходняй» або «пракітайской», павінна выступаць за базавыя інтарэсы і каштоўнасці беларускага народа. Уключаючы аднаўленне законнасці і пабудову прававой дзяржавы, забеспячэнне механізмаў справаздачнасці дзяржорганаў, павага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі, а таксама адсутнасць дыскрымінацыі беларускай мовы і культуры.

Будучы расійскімі імперцамі і заходнерусістамі, пра ўсё гэта актывісты «Саюза» і «Радзімы» ніколькі не клапоцяцца. У іх усяго дзве асноўныя мэты: любым коштам упіхнуць Беларусь і беларусаў у «паглыбленую інтэграцыю» з Расіяй, і знішчыць любыя праявы беларускай ідэнтычнасці на карысць «агульнарускай».

Гэта як Лукашэнка, які прыйшоў да ўлады ў сістэме, якая забяспечвала сумленныя выбары, і які прысягаў пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй», каб пасля скасаваць і тое і іншае.

Так і таварышы з «Саюза» і «Радзімы» жадаюць узяць уладу, каб пазней забраць у беларусаў права вызначаць сваю будучыню, перадаўшы прэрагатыву прыняцця рашэнняў Маскве, і адмяніць беларускую ідэнтычнасць зусім. Уласна, лідар новаспечанага «Руху Радзіма» Пётр Шапко пра Лукашэнку адклікаецца няйначай як пра «геніяльнага» кіраўніка.

Шапко — гэта заўзяты антызаходнік і канспіролаг, казак, чалавек «вялікадзяржаўнай» ідэалогіі, не прызнае беларусаў у якасці асобнага народа. Кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба «Казацкі Спас», арганізатар дзіцячых лагераў і палявых выхадаў, якія ўключаюць навучанне абыходжанні з агнястрэльнай зброяй.