Ва Украіне пачала працаваць беларуская дыстанцыйная школа

Беларуская дыстанцыйная школа пасля тыдня працы ў тэставым рэжыме пачне паўнавартаснае функцыянаванне і навучанне ва Украіне дзяцей беларусаў, якія вымушаны былі пакінуць радзіму ад палітычнага пераследу і ціску за ўдзел у масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў.

Анастасія Шпакоўская

Анастасія Шпакоўская


«Ад сёння школа працуе ў тэставым рэжыме. У ёй двое вучняў, гэта мае дзеці, і паводле іх навучання мы ўсё адпрацоўваем, каб ужо з панядзелка (9 лістапада) маглі далучыцца астатнія вучні. Але, па-сутнасці, мы ўжо працуем», — паведаміла Радыё Свабода ініцыятарка стварэння ва Украіне дыстанцыйнай беларускай школы, акцёрка і спявачка Анастасія Шпакоўская.

Паводле яе слоў, юрыдычна беларуская школа прымацаваная да дзвюх прыватных украінскіх школ, настаўнікі якіх будуць выкладаць асноўную праграму прадметаў. Такая юрыдычная арганізацыя дазволіць атрымліваць атэстат дзяржаўнага ўзроўню. У школе будуць сфармаваныя класы ад 4 да 10 з паглыбленым вывучэннем матэматыкі, англійскай мовы і праграмавання.

«Мы прымацаваныя да дзвюх прыватных украінскіх школ — ліцэю “Греміум” і школы Gios, якая праводзіць вельмі цікавыя заняткі па матэматычным кірунку, і яны пагадзіліся выкладаць для нашых дзетак па-руску. Яны працуюць з дзяржаўнай ліцэнзіяй», — паведаміла ініцыятарка праекту.

«Я адразу хачу патлумачыць, бо ў мой бок ужо ляціць каменне, чаму дзеці не навучаюцца па-беларуску па ўсіх прадметах: немагчыма знайсці ва Украіне ўкраінскага настаўніка, які будзе выкладаць прадмет паводле ўкраінскай адукацыйнай праграмы, ды яшчэ па-беларуску. Усе беларускія прадметы — мова, літаратура, гісторыя — будуць выкладацца толькі па-беларуску. Па іншых прадметах у нас толькі два варыянты — або руская, або ўкраінская мова навучання. Мы выбралі рускую, бо дзеці ўжо вучыліся па-руску ў Беларусі», — патлумачыла Шпакоўская.

Паводле яе, адукацыйны працэс прадуманы дэталёва. «Наш праект дабрачынны. Разлічаны пэўны фінансавы ўнёсак, але будуць вялікія зніжкі для тых, хто апынуўся ў вельмі складаным фінансавым становішчы. Мы зацікаўленыя ў тым, каб нашы дзеці працягвалі вучыцца і вывучалі беларускую мову, літаратуру і гісторыю. Гэта ў першую чаргу».