Бундэстаг прапанаваў ураду Германіі план падтрымкі Беларусі
Нямецкі Бундэстаг прыняў у сераду, 4 лістапада, рэзалюцыю з заклікам
неадкладна вызваліць усіх беларускіх палітвязняў і правесці ў краіне
паўторныя выбары прэзідэнта, паведамляе DW.
- Бундэстаг не прызнае афіцыйныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў Беларусі 9 жніўня 2020 года,
- асуджае дзеянні беларускіх уладаў, cкіраваныя на падаўленне пратэстаў,
- патрабуе неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення рэпрэсій супраць апазіцыі,
- патрабуе ўвядзення пэрсанальных санкцый супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага бліжэйшага атачэння, а таксама супраць адказных за палітычныя рэпрэсіі, гвалт і фальсіфікацыю выбараў,
- заклікае да актыўнага ўключэння ў запуск перамоўнага працэсу ў Беларусі ня толькі АБСЕ, але і Расеі,
- заклікае фінансава дапамагчы тым, хто пацярпеў падчас падаўлення пратэстаў у Беларусі ці быў звольнены за ўдзел у страйках,
- прапаноўвае палегчыць уезд у Еўропу беларускім грамадзянам, якія падпалі пад палітычныя рэпрэсіі,
- заклікае пашырыць фінансаванне праграм падтрымкі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку незалежных прафсаюзаў і страйкамаў,
- заклікае ўрад Германіі падтрымаць беларускіх журналістаў і незалежныя СМІ,
- прапануе ўраду даць магчымасць атрымаць вышэйшую адукацыю ў ЕС студэнтам, адлічаным з ВНУ за ўдзел у акцыях пратэсту,
- прапануе перагледзець праграмы фінансавай падтрымкі беларускай эканомікі па лініі Еўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Еўрапейскага банку рэканструкцыі і развіцця такім чынам, каб яны ішлі «на карысць перш за ўсё грамадзянскай супольнасьці, а не дзяржаўным структурам».
У дакуменце гаворыцца, што дапамога беларускай грамадзянскай супольнасьці павінна быць улічаная падчас бюджэтных слуханьняў. Прынятая рэзалюцыя носіць рэкамэндацыйны характар.