Праваабаронцы гатовыя прызнаць палітвязнямі асуджаных у Маладзечна пратэстоўцаў

Як заявіў «Нашай Ніве» праваабаронца Валянцін Стэфановіч, яны прызнаюць хлопцаў палітвязнямі.

На фота Уладзіслаў Еўсцігнееў, rh.by

На фота Уладзіслаў Еўсцігнееў, rh.by


29 верасня суд у Маладзечне пакараў Паўла Пяскова і Уладзіслава Еўсцігнеева пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму. Вырак вынесла суддзя Вікторыя Паляшчук.

За штурханіну з сілавікамі 19 чэрвеня мужчын прызналі вінаватымі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу (супраціў супрацоўніку міліцыі, звязаны з ужываннем гвалту). Паўла Пяскова, якому падчас судовага разбору змянілі меру стрымання з хатняга арышту на ўзяццё пад варту, пакаралі 3 гадамі і 3 месяцамі ў калоніі агульнага рэжыму, Уладзіслава Еўсцігнеева— 3 гадамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Юрыст Валянцін Стэфановіч заявіў, аб гатоўнасці прызнаць засуджаных у Маладзечна палітычнымі зняволенымі.

«У Маладзечне праводзілі мірныя сходы, якія з’яўляюцца такімі па стандартах АБСЕ. Яны не неслі пагрозы жыццю і здароўю грамадзян, або нацыянальнай бяспецы. Пры гэтым людзі былі атакаваныя міліцыяй, якая спрабавала спыніць сход, у тым ліку дэманстравалася табельная зброя. У выніку гэтага і атрымалася сітуацыя, справакаваная такой рэакцыяй міліцыі. Абвінавачаныя Пяскоў і Еўсцігнееў не нанеслі супрацоўнікам фізічнай шкоды — тыя не выстаўлялі адпаведных позваў. Таму мы будзем прапаноўваць на абмеркаванне шырокай праваабарончай кааліцыі пытанне аб прызнанні Пяскова і Еўсцігнеева палітвязнямі, бо прысуд занадта жорсткі і, пры адсутнасці палітычных матываў, быў бы меншым»,— сказаў Стэфановіч.