Прэм'ер-міністр Францыі сышоў у адстаўку
Новым прэм'ерам стане Элізабэт Борн. Гэта будзе другі выпадак у гісторыі Францыі, калі ўрад узначаліць жанчына.
Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон прыняў адстаўку прэм'ер-міністра краіны Жана Кастэкса, паведамляюць агенцтвы dpa і AFP у панядзелак, 16 траўня. Пасаду прэм'ера Кастэкс займаў з 2020 года. Разам з ім сышоў і ўрад Францыі.
«Дзякуй Жану Кастэксу, яго ўраду і ўсёй яго камандзе. Амаль два гады ён горача і аддана служыў Францыі. Давайце ганарыцца праведзенай працай, сумеснымі намаганнямі і дасягнутымі вынікамі», — напісаў у сваім твітары Макрон.
Адстаўка ўрада і прэм'ера — фармальнасць у Францыі пасля прэзідэнцкіх выбараў, адзначае dpa, аднак гэтым разам гэта адбываецца «надзіва позна» — праз тры тыдні пасля галасавання.
Новым прэм'ерам Макрон другі раз у гісторыі рэспублікі прызначыць жанчыну — міністарку працы Элізабэт Борн, піша AFP. Выбар Макрона будзе звязаны з жаданнем заручыцца перад будучымі парламенцкімі выбарамі падтрымкай як левых, так і кансерватыўных выбаршчыкаў, адзначае dpa.
Макрон пераабраўся на пасаду прэзідэнта 24 красавіка пасля перамогі ў другім туры над старшынёй партыі «Нацыянальнае аб'яднанне» Марын Ле Пэн. Дзеючы прэзідэнт атрымаў 63,2 адсотка галасоў.
Паводле dw.com.