«Прынцыпова ляпіў украінскі сцяг на Крым»
На глобусах, якія прадаюцца ў Беларусі, на тэрыторыю Крыма лепяць расійскія сцяжкі. Прадстаўнікі фірмы кажуць, што яны такія прыходзяць з Польшчы.
Беларусь жа афіцыйна Крым за Расіяй так і не прызнала, спрабуючы, як і заўсёды, захоўваць фармальны нейтралітэт у міжнародных пытаннях. Міністэрства замежных спраў не называе Крым ані ўкраінскім, ані расійскім. Аднак на афіцыйным сайце МЗС маецца мапа замежных прадстаўніцтваў Беларусі, і на ёй Крым таго ж колеру, што і тэрыторыя Украіны. Такім жа чынам тэрыторыя паўвострава азначана і на мапах, якія выпускае дзяржаўнае прадпрыемства «Белкартаграфія».
Аднак да нас звярнулася сямейная пара, якая ў гандлёвым цэнтры «Green» каля станцыі метро «Каменная Горка» ў Мінску на адной з палічак убачыла глобусы польскай вытворчасці. На глобусах прысутнічалі дадатковыя налепкі ў выглядзе сцягоў розных краін. Самае цікавае, Крым быў залеплены расійскім сцягам. Маладзёнаў вельмі здзівіла такая палітыка нейкай фірмы ці прадпрыемства.
Мы высветлілі, што пастаўшчыком гэтых глобусаў з’яўляецца фірма «Мартэк», якая спецыялізуецца на канцылярскіх таварах. Пры гэтым нам пашанцавала знайсці аднаго з былых супрацоўнікаў склада гэтай фірмы, які пагадзіўся адказаць на нашыя пытанні.
— Уладзіслаў, у гандлёвых цэнтрах стаяць глобусы з налепкамі расійскага сцяга на тэрыторыі Украіны. Сапраўды такія глобусы пастаўляюцца?
— Глобусы пастаўляліся без налепак.
— А адкуль з’явіліся гэтыя налепкі?
— Нам, супрацоўнікам, раздавалі гэтыя налепкі, якія перад адпраўкай глобусаў у крамы трэба было наляпіць на тэрыторыю Крыма. Ніхто з нас не ведаў, хто гэта прыдумаў, нават загадчык складу. Але з размовы я зразумеў, што кіраўніцтва фірмы вельмі шчыльна супрацоўнічае з расійскімі калегамі, і, хутчэй за ўсё, гэта нешта накшталт уласнай ініцыятывы. Але гэта недакладна.
— Атрымліваецца, налепкі — гэта загад ад кіраўніцтва?
— Больш за тое, сам глобус запакаваны. Супрацоўнікам складу прыходзілася распакоўваць кожны з іх і клеіць гэтыя сцяжкі на азначаныя месцы.
— Як вы асабіста на гэта адрэагавалі?
— Я адмовіўся. Для мяне гэта прынцыпова. Я чытаю навіны і ведаю, як да гэтага ставіцца ўвесь свет. Расія проста анексавала тэрыторыю, парушыўшы ўсе міжнародныя пагадненні!
— Як на гэта адрэагавалі калегі?
— Паціснулі плячыма і сказалі, што, у прынцыпе, я маю рацыю, але тут бессэнсоўна нешта даказваць. Але я ўзяў іншыя налепкі і прынцыпова ляпіў украінскі сцяг на Крым.
— Вас за гэта не звольнілі, не аштрафавалі?
— Мяркую, кіраўніцтва пра гэта нават не ведае.
Уладзіслаў падзяліўся фотаздымкамі, якія пацвярджаюць яго словы адносна таго, што на складзе сапраўды лепяцца розныя сцягі на глобусы.
Мы датэлефанаваліся да прадстаўнікоў фірмы «Мартэк» з пытаннем, чыя ініцыятыва была рабіць дадатковыя азначэнні на палітычных глобусах. Прадстаўніца фірмы адказала, што кіраўніцтва ўвогуле не вельмі хвалюе, чый Крым. Таксама яна сказала, што ніякіх дадатковых налепак на глобусы яны не робяць і прадаюць іх у тым выглядзе, у якім яны прыязджаюць з Польшчы.