Пуцін адмяняе штогадовую гутарку з народам і журналістамі

Крэмль рыхтуецца адмяніць штогадовую выніковую прэс-канферэнцыю Уладзіміра Пуціна, падрыхтоўка да яе не вядзецца. Гэта можа здарыцца ўпершыню за 10 гадоў.

seyf_____kopiya.jpg


Пры прыняцці канчатковага рашэння будзе ўлічвацца ў тым ліку сітуацыя ў зоне ваенных дзеянняў, паведамляе РБК.

Адсутнасць падрыхтоўкі да «прамой лініі» Пуціна пацвярджаюць і суразмоўцы канала «Можам патлумачыць», блізкія да адміністрацыі Пуціна. Па іх словах, усё кіраўніцтва адміністрацыі прэзідэнта (уключаючы Аляксея Громава і Сяргея Кірыенку) згоднае з неабходнасцю адмены мерапрыемства. Прычынай гэтага называюцца няўдачы расійскай арміі на фронце.

Апошні раз «прамая лінія» праводзілася 30 чэрвеня 2021 года.

Няма яснасці і з тым, калі будзе пасланне Федэральнаму сходу. Гэта пацвярджае Дзмітрый Пяскоў, але ўдакладняе, што мерапрыемства можа адбыцца да канца года. Пракрамлёўскі канал «Незыгарь» піша, што бліжэй да Новага года «могуць здарыцца падзеі, якія сфарміруюць зарад сацыяльнага аптымізму і стануць добрым пралогам да выступлення Пуціна».

Адмена пуцінскіх зваротаў наўпрост звязана з адсутнасцю добрых навін з фронту, упэўнены палітолаг, былы спічрайтар Пуціна Абас Галямаў. «Сітуацыя ў грамадстве вельмі напружаная, і людзі чакаюць ад улады канкрэтных вынікаў — ад ваенных перамог да навядзення парадку ў сферы мабілізацыі і эканомікі. Чытаць у гэтай сітуацыі лекцыі пра гісторыю каланіялізму або Украіны — гэта гарантавана нарвацца на раздражненне людзей. Таму Крэмль і вырашыў адкласці ўсе мерапрыемствы. Заадно паспрабаваў увесці ін'екцыю аптымізму — маўляў, пачакайце, хутка будуць добрыя навіны. На самай справе ніякіх перадумоў да з'яўлення “добрых навін” не відаць», — рэзюмуе Галямаў у каментары «МП».

Дарэчы, пра якую-небудзь «Вялікую размову з Лукашэнкам» таксама нічога не чуваць. Апошняя такая прайшла 9 жніўня 2021 года.