Расія дасць Беларусі зброю ў абмен на размяшчэнне авіябазы
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў учора, што Беларусь і Расія дамовіліся больш актыўна развіваць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.
Sputnik
«У мэтах умацавання рэгіянальнай стабільнасьці і бяспекі дамовіліся актыўна развіваць ваеннае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва», — сказаў ён па выніках праведзеных учора ў Маскве перамоваў з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам.
Як перадае БЕЛТА, ён падкрэсліў, што Беларусь і Расія на міжнароднай арэне праводзяць узгодненую знешнюю палітыку.
«Мы адзначылі блізкасць нашых краін па такіх тэмах, як урэгуляванне ўкраінскага крызісу і барацьба з міжнародным тэрарызмам у Сірыі», — сказаў Уладзімір Пуцін.
Па словах прэзідэнта Расіі, на перамовах абмяркоўваліся актуальныя тэмы двухбаковага і міжнароднага парадку дня.
«З улікам маючага адбыцца 21 снежня саміту АДКБ сфакусаваліся на пытаннях бяспекі і стабільнасці на знешніх рубяжах арганізацыі, сумеснай барацьбы з тэрарызмам», — адзначыў Уладзімір Пуцін.
Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін у каеэнтары для Радыё Свабода адзначае:
«Выглядае, што Пуцін вырашыў задобрыць свайго хаўрусніка. Хутчэй за ўсё, будуць нейкія пастаўкі ўзбраення, магчыма, па льготных цэнах. Асабліва гэта верагодна з улікам сітуацыі ў Польшчы, дзе да ўлады прыйшло новае кіраўніцтва з дастаткова агрэсіўнымі антырасійскімі настроямі. Таму можна чакаць новую вайсковую тэхніку ў Беларусі. Цяпер Беларусь атрымлівае з Расіі вельмі мала новага ўзбраення. Наша армія каля дзесяці гадоў чакае паставак аператыўна-тактычных комплексаў „Іскандэр-Э“, зенітна-ракетных комплексаў „Трыўмф“, сучасных самалётаў, іншага ўзбраення. Але паставак няма. Расія кажа, што недаўкамплектаваная свая армія, і пастаўляе нам старыя сістэмы канца 80-х гадоў».
Нягледзячы на тое, што на ўчорашняй сустрэчы не падымалася пытанне расійскай вайсковай базы, Аляксандр Алесін кажа, што Пуцін чакае ад Лукашэнкі станоўчага рашэння з гэтай нагоды:
«21 снежня будзе паседжанне АДКБ. Хутчэй за ўсё, гэтае пытанне будуць разглядаць там. Гэта такая тактыка Пуціна — сёння прадэманстраваць супадзенне інтарэсаў у вайсковым плане, а заўтра запатрабаваць усталявання вайсковай базы».