Роберт Бедрань: Пад санкцыі павінны трапіць усе, хто супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі

Рэжым распачаў чарговы наступ, сілавікі працягваюць рэалізоўваць тактыку «выпаленага поля». Пад удар трапілі журналісты і праваабаронцы. Еўрадэпутат ад Польшчы Роберт Бедрань распавёў пра дзейнасць ЕС па падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.



ca6ab0f0_dd8e_4128_af7a_5a800fda3647_cx9_cy0_cw83_w408_r1_s.jpg

Еўрадэпутат, старшыні Дэлегацыі Еўрапарламента па пытаннях Беларусі Роберт Бедрань распавёў «Польскаму радыё», ці дачакаюцца беларусы з боку ЕС больш рашучых дзеянняў па абароне грамадзянскай супольнасці Беларусі:

— Мы назіраем драматычныя сцэны. АМАП, міліцыя ўрываюцца ў дамы журналістаў. Дзве журналісткі «Белсата» падсудныя. Мы ўважліва сочым за падзеямі. Ужо ў бліжэйшыя дні адбудзецца пасяджэнне Дэлегацыі Еўрапейскага Парламента па пытаннях Беларусі, на якім абавязкова апошнія падзеі будуць закранутыя.

Надоечы Еўрапейскі Парламент прыняў моцную рэзалюцыю па Беларусі, якая таксама накіраваная на абарону журналістаў. Рэзалюцыя, а таксама чарговая атака рэжыму на журналістаў і праваабаронцаў знойдзе сваё адлюстраванне ў знешняй палітыцы ЕЗ. Мы будзем дамагацца пашырэння санкцыйнага спісу, туды трапяць не толькі прадстаўнікі вышэйшай улады і ключавыя сілавікі, як было дагэтуль.

Новыя санкцыі закрануць чыноўнікаў сярэдняга і ніжняга звяна. Санкцыі павінны мацней і выразней ударыць па рэжыму апошняга дыктара Еўропы.

— Ці закрануць чарговыя санкцыі гаспадарчыя суб’екты, звязаныя з рэжымам Лукашэнкі, ці ЕС абмяжуецца фізічнымі асобамі?

— Мы разлічваем на тое, што санкцыі закрануць гаспадарчыя суб’екты. Агулам пад санкцыі павінны трапіць усе, хто супрацоўнічае з рэжымам Лукашэнкі. Тут не павінна быць адрознення для фізічных і юрыдычных асоб. Мэта адна — ізаляваць рэжым Лукашэнкі ад міжнароднай супольнасці, дыктатарскі рэжым не можа мець ніякіх кантактаў са знешнім светам. Лукашэнка падняў руку на грамадзян сваёй дзяржавы, ён узурпатар, Еўрасаюз не прызнае яго прэзідэнтам. ЕС разрывае супрацоўніцтва з яго рэжымам.

Асноўным выклікам для нас з’яўляецца стварэнне ўмоў для стабілізацыі становішча ў Беларусі, якая павінна заключацца ў прыходзе да ўлады дэмакратычных сіл на падставе народнага мандату.

Распрацоўваючы новы пакет санкцый, з якімі беларускімі асяродкамі перадусім супрацоўнічаюць структуры Еўрасаюза?

— Нашым найбліжэйшым партнёрам з’яўляецца Каардынацыйная рада на чале са Святланай Ціханоўскай. Ціханоўская і прадстаўнікі рады рэгулярна наведваюць Еўрапарламент, сустракаюцца з прадстаўнікамі Еўракамісіі, удзельнічаюць ва ўсіх нашых нарадах. Нагадаю, што Дэлегацыя Еўрапарламента па Беларусі, якой я кірую, ужо два разы з адмысловай місіяй наведвала Беларусь. Апошні раз такая місія адбылася месяц таму. Цягам трох дзён мы праводзілі перамовы з прыкладна 80 прадстаўнікамі дэмакратычных сіл. Справаздача па выніках гэтай місіі была перададзеная старшыні Еўрапарламента. Наша справаздача стане падставай для пачатку чарговых крокаў па ўрэгуляванню сітуацыі ў Беларусі.

Адбываюцца кансультацыі, якія закранаюць як мага шырэйшае прадстаўніцтва грамадзянкай супольнасці Беларусі. Мы вядзем перамовы не толькі з прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады, але таксама са СМІ, няўрадавымі арганізацыямі, прадпрымальнікамі, беларусамі замежжа. Мы намагаемся праводзіць шырокія кансультацыі нашых будучых дзеянняў.

— Папрашу вас падсумаваць тыя крокі, якія еўрапейскія структуры ўжо ажыццявілі па падтрымцы дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Уся фінансавая падтрымка рэжыму з боку ЕС прыпыненая. Раней супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам праводзілася па прынцыпе «крытычнае заангажаванне», цяпер усе супольныя праекты спыненыя. Па-трэцяе, нельга забываць пра санкцыі, пад якія трапілі некалькі дзясяткаў чалавек і гаспадарчых суб’ектаў. У бліжэйшай будучыні, праўдападобна, санкцыі будуць пашыраныя.

На дадзены момант мы актыўна працуем над арганізацыяй міжнароднай канферэнцыі дабрачынцаў, на якой плануем сабраць больш сродкаў на для падтрымкі дэмакратычных сіл у Беларусі. Таксама зараз мы дапамагаем Каардынацыйнай радзе ў стварэнні сеткі квазі-дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ў краінах Еўропы. Такія пляцоўкі дапамогуць утрымліваць кантакты паміж Каардынацыйнай радай, Святланай Ціханоўскай і нацыянальнымі ўрадамі дзеля таго, каб дапамога была як мага больш эфектыўнай. Робіцца шмат.

Аднак, я як старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента па пытаннях Беларусі лічу, што Еўрапейскі саюз можа і павінен зрабіць болей. Мы працягнём аказваць ціск на Еўрапейскую Раду, каб тая прымала больш рашучыя захады дзеля падтрымання Беларусі, каб дэмакратычныя змены там адбыліся як мага хутчэй!

Паводле Эдуарда Жолуда, www.polskieradio.pl