Рух «За Свабоду» заклікаў улады далучыцца да ўдзелу ў святкаванні 100-годдзя БНР

Зварот Руху «За Свабоду» да ўладаў з заклікам далучыцца да святкавання 100-годдзя БНР быў падтрыманы на Радзе арганізацыі.

100_hdo_bnr.jpg

Было прынятае таксама рашэнне пра вылучэнне назіральнікаў на мясцовых выбарах пры ўчастковых камісіях і назіральніка пры ЦВК.

«25 сакавіка ў гэтым годзе адзначаецца 100-годдзе абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Значэнне гэтай даты цяжка пераацэніць, бо БНР заклала асновы беларускай дзяржаўнасці, без яе не было б і сённяшняй незалежнай краіны», — сказана ў звароце Руху, які будзе накіраваны ў Мінгарвыканкам і ў Адміністрацыю прэзідэнта за подпісам старшыні Руху Юрыя Губарэвіча.

Па дадзеных арганізацыі, хаця «свята будзе адзначана цэлым шэрагам мерапрыемстваў», «але ключавым момантам адзначэння можа стаць шэсце, якое мусіць быць мірным і урачыстым».

Дзеля грамадскага кансенсусу Рух «За Свабоду» заклікаў Мінгарвыканкам падтрымаць маршрут святочнага шэсця адпаведна пададзенай заяўцы і даць на яго дазвол не пазней за 25 лютага, а сілавікоў — гарантаваць удзельнікам асабістую бяспеку падчас мірнай дэманстрацыі, прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання далучыцца да арганізацыі і ўдзелу ў святочных мерапрыемствах.

Паводле прэс-службы Руху «За Свабоду»