Санкцыі, Еўранэст і рэзалюцыі Рады Еўропы — офіс Ціханоўскай апублікаваў план на тыдзень
Афіцыйны тэлеграм-канал Святланы Ціханоўскай апублікаваў планы міжнароднай групы яе офіса на тыдзень.
![Святлана Ціханоўская і Джулі Фішэр, twitter.com/usembby Святлана Ціханоўская і Джулі Фішэр, twitter.com/usembby](/img/v1/images/etzgybbxmayvghj.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Святлана Ціханоўская і Джулі Фішэр, twitter.com/usembby
— Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр ужо ў Вільні. Запланаваны шэраг кансультацый па сітуацыі ў рэгіёне і прымушэнні рэжыму да перамоў, а таксама супольныя публічныя мерапрыемствы. Таксама плануюцца сустрэчы з удзелам амбасадараў Польшчы і Літвы.
— На гэтым тыдні чакаецца абвяшчэнне санкцый. Неўзабаве абвесцяць дату прыняцця чацвёртага пакета санкцый Еўрасаюза, куды папярэдне могуць трапіць каля 70 асоб і кампаній.
— 20 красавіка адбудзецца пасяджэнне Еўранэста, дзе Беларусь прадставіць дэлегацыя пад старшынствам Ціханоўскай. У склад дэлегацыі ўвойдуць прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады, НАУ, аргкамітэта партыі «Разам», Партыі БНФ, АГП, Руху «За Свабоду» і іншых.
— 20 красавіка Ціханоўская выступіць разам з Фрэнсісам Фукуямам на прэзентацыі Індэксу Свабоды прэсы-2021.
— 20-21 красавіка ПА Рады Еўропы прыме дзве важныя рэзалюцыі па Беларусі. Святлана Ціханоўская правядзе званкі з генсекам Рады Еўропы і Прэзідэнтам Парламенцкай асамблеі наконт падрыхтоўкі інклюзіўнага дыялогу з беларускім грамадствам, абвінавачанняў палітычных лідараў у тэрарызме і ролі Рады Еўропы ў вырашэнні беларускага крызісу.
— 22 красавіка плануецца віртуальная сустрэча Ціханоўскай з міністрам замежных спраў Грэцыі: на парадку дня — палітыка Еўрасаюза, грэцка-беларускія адносіны, сітуацыя ў рэгіёне. Гэта ўжо другая працоўная сустрэча Ціханоўскай з міністрам.
— 22 красавіка Святлана Ціханоўская разам з Майклам Макфолам, Білам Браўдэрам і Гары Каспаравым выступіць на сустрэчы Oslo Freedom Forum на платформе «Clubhouse».