Сяргей Навумчык: Сутыкненне NATO і Расіі непазбежнае

Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае ў сваім тэлеграме, што Расія — ядзерны монстр. І РФ не спыніцца на Украіне — яна працягне вайну, і абавязкова нападзе на краіны NATO.

zornyja_vojny.jpg

Чаму я лічу сутыкненне NATO і Расіі непазбежным? Двума словамі — вайна сусветаў.

Мы — не першыя, хто жыве на гэтай грэшнай Зямлі. Свет так зроблены, што рана ці позна супрацьлегласці прыходзяць у сутыкненне.

Калі больш прастранна, дык NATO — гэта своеасаблівае «сілавое крыло» прынцыпаў дэмакратыі, свабоды, каштоўнасці чалавечага жыцця. РФ ж у яе пуцінскім выглядзе — канцэнтрацыя зла, цемрашальства, падаўлення асобы, агрэсіўных гегеманісцкіх памкненняў (аналагічныя памкненні і ў Кітая, але яны пакуль не маюць агрэсіўнага характару і рэалізоўваюцца праз «мяккую сілу»).

У заходніх лідараў у 1991–1992 не хапіла розуму пазбавіць Расію ядзернай зброі (яны, наадварот, запатрабавалі ад Беларусі, Украіны і Казахстану аддаць яе Маскве (!!!), паспрыяць з’яўленню на месцы РСФСР 10–15 незалежных краінаў — што было цалкам рэальна, бо аўтаноміі (Татарстан, Башкірыя, некаторыя іншыя) абвясцілі суверэнітэт.

Цяпер перад цывілізацыяй — фашысцкі ядзерны монстр. І гэта монстр не спыніцца на Украіне.