Сястра Рамана Бандарэнкі: «Чым больш я паглыбляюся ва ўспаміны, тым мацней адчуваю гэтую страту»
«Новы Час» паразмаўляў са знакамітай дызайнэркай Вольгай Кучарэнка, якая распавяла нам пра свае адчуваньні ў чацьвертую гадавіну забойства брата – Рамана Бандарэнкі.
Сястра Рамана Бандарэнкі, Вольга Кучарэнка, распавядае: «Праз 4 гады пасьля той трагедыі я не магу сказаць, што стала больш спакойна на душы. Бываюць такія абставіны ў жыцьці, калі нейкія побытавыя і надзённыя пытаньні выходзяць на першы плян, і тое, што адбылося з Ромай, застаецца ў нейкай ступені на заднім фоне.
Але я ўвесь час узгадваю пра тое, што зь ім сталася, і ўвогуле – пра нас з Ромай. Прыгадваю, якім ён быў, і разумею, што чым глыбей я ахінаюся ва ўспаміны, тым мацней адчуваю гэтую страту».
Пра зрухі ў рассьледаваньні
Вольга Кучарэнка кажа, што з часоў верасьня 2021 года, калі прыпынілі крымінальную справу, ніякіх зрухаў аж дагэтуль ня было. Больш за тое, з моманту завядзеньня крымінальнай справы, а гэта люты 2021 года, і да яе адкладаньня ў шафу, як ёй вядома, ніякіх зрухаў у справе таксама не было.
Вольга кажа: «У мяне асабіста вялікія пытаньні да таго, што яны там нібыта рассьледавалі і да якіх высноваў прыходзілі. Таму што афіцыйная прычына прыпыненьня крымінальнай справы палягала ў тым, што органы «не змаглі ўсталяваць вінаватых, датычных да зьдзяйсьненьня гэтага злачынства».
Сястра Рамана Бандарэнкі працягвае:
«Я перакананая ў тым, што справядлівасьць пераможа. І ўсе датычныя за забойства Ромы будуць пакараныя. Гэта пытаньне часу. Я ўпэўненая, што іх віна на сёньняшні дзень ужо даказаная. Трэба толькі каб у нашую краіну прыйшла ўлада, якая будзе гатовая арыштаваць і пакараць вінаватых».
Цёплы ўспамін
«Калі ўзгадваю Рамана, я не паглыбляюся ў нейкія канкрэтныя сітуацыі, – кажа Вольга. – Хаця, калі я намагаюся ўзгадваць, часьцей за ўсё ў памяці паўстае нашая апошняя зь ім сустрэча. Было і пазьней адно спатканьне, але толькі на імгненьне. Дык вось у тую сустрэчу я папрасіла Рому дапамагчы з перавозам мэблі. Адной рукой нёс шафу, а другой – паліў. Гэта было вельмі сьмешна. Да таго ж паралельна ён размаўляў па тэлефоне з сяброўкай.
Гэта быў такі клопат у адносінах да мяне. І выглядала, нібы гэта не вымагала ніякіх высілкаў. Для мяне гэта было вельмі каштоўна.
Раман назаўжды ў маім сэрцы. Гэта для мяне істотна, – кажа Вольга Кучарэнка.
Забойства Рамана Бандарэнкі
31-гадовага мастака Рамана Бандарэнку зьбілі ўвечары 11 лістапада 2020 года на пратэстнай «Плошчы Пераменаў» у Менску, калі ён паспрабаваў загаварыць зь людзьмі, якія здымалі з плота бел-чырвоныя-белыя стужкі. Затым невядомыя выкралі Бандарэнку. Праз нейкі час мужчына апынуўся ў Цэнтральным РУУС Менска, адкуль з цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў бальніцу, дзе памёр на наступны дзень.Тагачасная прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава (а праз чатыры гады цэлая кандадатка ў прэзідэнты Беларусі) назвала здарэньне «дваровым канфліктам», а тых, хто зьбіў Бандарэнку, — «неабыякавымі грамадзянамі», якія спрабуюць «аднавіць парадак і не дапускаць парушэньняў правілаў добраўпарадкаваньня».