Севярынец: Удзел расійскіх вайскоўцаў у парадзе — прыкмета акупацыі
Апазыцыйныя партыі і рухі асуджаюць удзел расійскіх вайскоўцаў і вайсковай тэхнікі ў Парадзе незалежнасці 3 ліпеня. Большасць лідэраў пацвердзілі, што ўжо распаўсюдзілі ці рыхтуюць афіцыйныя заявы на гэты конт.
Рэпетыцыя параду
Рыгор Кастусёў, БНФ:
«Маё асабістае стаўленьне адназначна адмоўнае. Партыя БНФ даўно ўжо выказвалася пра пагрозу анэксіі Беларусі. На жаль, гэтая пагроза з кожным днём узрастае. Удзел войскаў Расеі, ды яшчэ
пад сьцягамі Расейскай Фэдэрацыі — сьведчаньне таго, што ў Крамля ёсьць плян далучэньня Беларусі да Расейскай Фэдэрацыі».
Павал Севярынец, БХД:
«Мы ў рамках Камітэту Салідарнасьці ўжо выказваліся на гэты конт і праводзілі акцыю пратэсту. Заклікаем усіх накіроўваць звароты з пратэстамі і на імя Аляксандра Лукашэнкі, і ў амбасаду
Расеі. Гэта адна з прыкметаў акупацыі — удзел у парадзе на Дзень Незалежнасьці вайскоўцаў з той краіны, якая цяпер акупуе суседзяў. Гэта недапушчальна, і гэта прамы выклік усяму беларускаму
народу.
Юры Губарэвіч, рух «За свабоду»:
«Мы лічым, што Расея — краіна-агрэсар. І дэманстрацыя ейнага ўзбраеньня на вуліцах Менску нэгатыўна ўплывае на грамадзтва, на ўсіх тых людзей, якія сочаць за падзеямі ва
Ўкраіне. Можна абысьціся і без расейскай вайсковай прысутнасьці, і без расейскай сымболікі падчас параду 3 ліпеня ў Менску».
Анатоль Лябедзька, АГП:
«АГП лічыць дапушчальнаю прысутнасьць на вайсковым парадзе хіба што супрацоўнікаў дыпляматычных місіяў, але не вайскоўцаў іншых дзяржаваў. Мы б прапанавалі цалкам адмовіцца ад танкаў на
вуліцах і самалётаў над Менскам. Грошы лепш накіраваць на ўборачную кампанію, дызэльнае паліва — на запраўку трактароў і камбайнаў. А па вуліцах сталіцы пусьціць дзяцей з кветкамі і
балёнікамі. Менавіта дзеці (а ня танкі і тым больш не расейскія салдаты) — будучыня Беларусі».
Андрэй Дзьмітрыеў, рух «Гавары праўду»:
«Нашае стаўленьне адмоўнае. Калі ўлады жадаюць падкрэсьліць сувязь Дня незалежнасьці з Другой сусьветнай вайной, то няхай тады ў парадзе ўдзельнічаюць усе краіны, якія тады змагілся
супраць фашысцкай агрэсіі. Гэта і войска Ўкраіны, напрыклад, і іншых краінаў тагачаснага Савецкага Саюзу. А такое супольнае маршыраваньне сёньня падчас падзеяў ва Ўкраіне выклікае толькі насьцярогу і
адчуваньне небясьпекі ў грамадзтве».
Для ўдзелу ў менскім парадзе Расея накіравала ў Беларусь «Іскандэры», «С-400», бронеаўтамабілі «Тыгр», верталёты «Ка-52» і
самалёты «Су-34». Напярэдадні 3 ліпеня ў Менск прыбудзе расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін. Афіцыйна ягоны візыт тлумачаць удзелам у цырымонія адкрыцьця новага музэю Вялікай Айчыннай
вайны.
svaboda.org