Севярынец: выкраданне Наталлі Шэлег — не хуліганства, а асабліва цяжкае злачынства
«Кваліфікацыя выкрадання Наталлі Шэлег, 16-гадовай дачкі сябра БХД і прадпрымальніка Вячаслава Шэлега, як «хуліганства» — здзек з правасуддзя», — заявіў сустаршыня БХД Павал Севярынец.
Павал Севярынец
— Насамрэч, следству адназначна трэба распачаць крымінальную справу па артыкулах «выкраданне чалавека», «разбой», а магчыма, і «бандытызм». Усёй Беларусі бачна, што гэта здзейсненае наўмысна асабліва цяжкае злачынства, а не якаясьці п'яная выхадка. Дэманстратыўна тэрарызуюць цэлую сям'ю. Почырк такі, што тырчаць рожкі дзяржаўнага бандытызму.
І БХД, і незалежнаму грамадству неабходна прымаць меры для самаарганізацыі і абароны нашых дзяцей. Хопіць цярпець здзек. Спадзяюся, у сераду на круглым стале ў Бабруйску будуць зробленыя першыя крокі, — сказаў Павал Севярынец у інтэрв'ю прэсавай службе БХД.