Сёння ў Кіеў прыляцяць Меркель і Аланд

Парашэнка абмяркуе з лідэрамі Германіі і Францыі шляхі выхаду з канфлікту на Данбасе.



merkiel_i_aland.jpg

З учорашняга дня ў Кіеве знаходзіцца саветнік па знешнепалітычных пытаннях канцлера Германіі Ангелы Меркель Крыстоф Хойсген з групай нямецкіх дыпламатаў, а таксама дарадца па пытаннях бяспекі прэзідэнта Францыі Франсуа Аланда Жак Одзібер з групай прадстаўнікоў французскага МЗС.
Як паведаміла крыніца ў МЗС Украіны, група на чале з дарадцамі рыхтуе рабочыя візіты Меркель і Аланда ў Кіеў 5 лютага.
Калі нічога не зменіцца, і ўмовы надвор'я дазволяць, прылёт кіраўнікоў дзвюх краін чакаецца пасля 18-й гадзіны.
Хутчэй за ўсё, чатырохбаковай сустрэчы Парашэнка, Меркель, Аланда і дзяржсакратара Джона Кэры, які цяпер знаходзіцца з візітам ва Украіне, не будзе. Прэзідэнт Украіны правядзе асобную сустрэчу з Кэры, і асобную — з Меркель і Аландам.
Задача Меркель і Аланда — максімальна падрабязна абмеркаваць сітуацыю, якая склалася на Усходзе Украіны, а таксама магчымыя шляхі вырашэння канфлікту, паколькі падчас Мюнхенскай канферэнцыі па пытаннях палітыкі бяспекі, якая пачнецца заўтра, Аланд прысутнічаць не будзе. Таксама не будзе часу падрабязна абгаварыць сітуацыю. Калі ў Кіеве будуць выпрацаваны канкрэтныя механізмы вырашэння канфлікту, яны будуць аператыўна прапанаваныя Меркель і Аландам, як актыўнымі пасярэднікамі, прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну.
Акрамя таго, як стала вядома, у Кіеве, Вашынгтоне, Парыжы, Берліне і Маскве абмяркоўваецца магчымасць правядзення ў Мюнхене сустрэчы міністраў замежных спраў у фармаце, максімальна набліжаным да Жэнеўскага (ЗША, Германія, Францыя, Украіна і Расія). На Мюнхенскай канферэнцыі таксама чакаецца сустрэча Ангелы Меркель, віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і Пятра Парашэнкі.
zn.ua