Сёння ў Мінску плануецца сустрэча кантактнай групы па Данбасу
2 чэрвеня ў Мінску плануецца пасяджэнне трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ў Данбасе з удзелам прадстаўнікоў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублік, а таксама чатырох рабочых падгруп. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, пасяджэнні пройдуць у "Прэзідэнт-гатэлі".
Напярэдадні Луганскі інфармацыйны цэнтр са спасылкай на прадстаўніка ЛНР у кантактнай групе Уладзіслава Дзяйнегу паведаміў, што падгрупы кантактнай групы пачнуць працаваць у 10.00, а пасяджэнне
самой кантактнай групы пачнецца ў 16.00.
Як паведамляе Данецкае агенцтва навін, на сустрэчы падгрупы па бяспецы будзе абмяркоўвацца пытанне стварэння ў Данбасе дэмілітарызаваных зон. "Тое, што дэмілітарызацыя неабходная, —
гэта падтрымліваем і мы. Толькі так будзе магчымасць паўнацэнна спыніць агонь", — цытуе агенцтва прадстаўніка ДНР на перамовах Дзяніса Пушыліна.
Тэматыку пасяджэння падгрупы па бяспецы пацвердзіў міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў. У інтэрв'ю тэлеканалу "Расія-24" 29 мая ён заявіў, што ў Мінску плануецца
абмеркаванне прапанаванага Расіяй плана па дэмілітарызацыі пасёлка Шырокіна, які, паводле яго слоў, "быў пададзены яшчэ месяц таму".
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка 1 чэрвеня правёў пашыраную нараду з прадстаўніком Украіны ў групе Леанідам Кучмам і ўдзельнікамі ад Украіны ў яе рабочых падгрупах. Парашэнка "адзначыў
неабходнасць няўхільнага выканання ўсіх пунктаў мінскіх дамоўленасцяў і важнасць больш актыўнага прыцягнення прадстаўнікоў маніторынгавай місіі АБСЕ да забеспячэння рэжыму поўнага спынення агню і
кантролю за адводам цяжкага ўзбраення на ўсёй лініі сутыкнення", паведаміла прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта.
Папярэдняе пасяджэнне кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія) з запрашэннем прадстаўнікоў ДНР і ЛНР адбылося ў Мінску 22 мая. У кантактнай групе дзейнічаюць чатыры падгрупы: па
бяспецы, па палітычных пытаннях, па гуманітарных пытаннях, па эканоміцы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН