Сёння ў Беларусь пачнуць прыбываць расійскія вайскоўцы
15 жніўня ў Беларусь пачнуць прыбываць расійскія вайскоўцы. Колькі вайскоўцаў прыбудзе і калі яны з’едуць, не паведамляецца.
У межах планавай падрыхтоўкі да расійска-беларускіх вучэнняў «Захад–2017» 21–25 жніўня адбудуцца супольныя папярэднія вучэнні расійскіх і беларускіх вайскоўцаў з удзелам органаў вайсковага кіраўніцтва і злучэннямі тылавога і тэхнічнага забеспячэння.
Паводле Міністэрства абароны Беларусі, на вучэннях будзе адпрацаванае тэхнічнае прыкрыццё аб’ектаў на ўчастках ваенна-аўтамабільных дарогаў; эвакуацыя, рамонт і аднаўлення няспраўнай тэхнікі і ўзбраення; разгортванне палявога магістральнага трубаправода, а таксама ўчасткаў масавай запраўкі тэхнікі.
15 жніўня ў Беларусь пачнуць прыбываць расійскія вайскоўцы. Яны прыбываюць, паводле міністэрства, «дзеля стварэння рэальнай абстаноўкі і адпрацоўкі практычных дзеянняў сілаў і сродкаў тылавога і тэхнічнага забеспячэння ў час вучэння». Колькі вайскоўцаў прыбудзе, калі яны з’едуць і ці з’едуць да пачатку «Захаду», не паведамляецца.
Раней прадстаўнікі ўсіх суседзяў Беларусі, акрамя Расіі, выказвалі занепакоенасць наконт вучэнняў «Захад». У прыватнасці, трывогу выклікала тое, што расійскія войскі могуць пасля вучэнняў застацца ў Беларусі.