СМІ ў Беларусі: свабода, прэса і апосум

Сусветны дзень свабоды прэсы Беларусь сустрэла ў чаканні разгляду Саветам міністраў праекта пастановы аб рэгламентацыі дзейнасці электронных СМІ. А асобныя журналісты — на хвалі вобшукаў і допытаў па крымінальнай справе аб паклёпе на высокапастаўленага супрацоўніка КДБ.



03e7ef47cee6fa4ae7567394b99912b7.jpg

Сусветны дзень свабоды прэсы Беларусь сустрэла ў чаканні разгляду Саветам міністраў праекта пастановы аб рэгламентацыі дзейнасці электронных СМІ. А асобныя журналісты — на хвалі вобшукаў і допытаў па крымінальнай справе аб паклёпе на высокапастаўленага супрацоўніка КДБ.
«Ужо не першы год незалежным журналістам у Беларусі даводзіцца выконваць свае прафесійныя абавязкі ў надзвычай неспрыяльных умовах, — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай Беларускай асацыяцыяй журналістаў з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы. — Улады краіны татальна кантралююць інфармацыйную прастору і абмяжоўваць дзейнасць незалежных СМІ — праз адмовы ў доступе да інфармацыі, праз забароны на распаўсюд і друк, праз судовы пераслед, праз эканамічную дыскрымінацыю. Апошняя трывожная тэндэнцыя — адкрыты ціск на журналістаў з боку сілавых структур і спецслужб». Прычыны гэтага бачацца ў набліжэнні палітычнай кампаніі па выбарах прэзідэнта.
Па словах міністра інфармацыі Алега Праляскоўскага, бліжэйшым часам у Савет міністраў будзе ўнесены праект пастановы аб рэгламентацыі дзейнасці электронных СМІ. «СМІ трэба рэгістравацца ў адпаведнасці з заканадаўствам, — заявіў Праляскоўскі. — У законе аб СМІ ёсць адсылачная норма пра тое, што рэгламентацыя дзейнасці электронных СМІ будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з пастановай аб СМІ. І там будзе вялікая ступень рэгламентацыі дзейнасці менавіта інтэрнэт-СМІ».
Калі гэта пастанова будзе прынятая, то магчыма яшчэ большае абвастрэнне супрацьстаяння недзяржаўнага медыйнага поля і ўладных структур. Цяпер у беларускай прасторы дзейнічае многа інтэрнэт-рэсурсаў, якія карыстаюцца папулярнасць і маюць напрацаваны аўтарытэт, але дзейнасць іх не рэгулюецца Законам аб сродках масавай інфармацыі.
Пра магчымыя праблемы можна паразважаць, зыходзячы са слоў самога міністра. «Памятаеце, ёсць такая арганізацыя БАЖ, яе прадстаўнікі размахвалі корачкай «Прэса», а з’яўляліся ўсяго толькі сябрамі грамадскай арганізацыі, то бок яны прэсай не з’яўляюцца. Нават судовая практыка існуе, і арганізацыі было адмоўлена ў вызначэнні «прэса», — заявіў Праляскоўскі ў online-канферэнцыі на сайце БЕЛТА, адказваючы на пытанне наконт магчымай акрэдытацыі пры розных ведамствах прадстаўнікоў інтэрнэт-рэсурсаў і блогераў. — Перш чым акрэдытавацца, трэба зарэгістравацца як сродак масавай інфармацыі, толькі тады можна казаць: «Мы прадстаўнікі прэсы, акрэдытуйце». Таму мой пункт гледжання: СМІ трэба рэгістравацца ў адпаведнасці з заканадаўствам. У законе аб СМІ ёсць адсылачная норма пра тое, што рэгламентацыя дзейнасці электронных СМІ будзе весціся ў адпаведнасці з пастановай аб СМІ».
На пачатку мая, у перыяд, калі адзначаюцца Дзень свабоды прэсы, Дні радыё і друку, у краіне праходзіць выстава «СМІ ў Беларусі». Мерапрыемства гэта, нягледзячы на існыя праблемы ў медыя-сферы, мае фармат забаўляльнага шоу — танцы, спевы, карнавал, сабакі і апосум. Пытанні вострыя і насамрэч важныя для журналістаў (напрыклад, акрэдытацыя замежных СМІ, доступ да інфармацыі, распаўсюд выданняў) арганізатары выставы і спадарожных мерапрыемстваў традыцыйна абыходзяць. Сёлета ў шэраг дзяржаўных рэспубліканскі выданняў, тэлеканалаў, раёнак, СМІ Кітая і Індыі прашчамілася і Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы «Аб’яднаныя масмедыя». Таму на адным стэндзе наведнікі маглі пазнаёміцца з больш чым дваццаццю незалежнымі выданнямі Беларусі — «Intex-press», «Газетай Слонімскай», «Інфа-кур’ерам», «Брестской газетой», «Вольным Глыбокім», «Рэгіянальнай газетай» ды іншымі.
Беларуская асацыяцыя журналістаў сышла з барыкад на фронце адстойвання свабоды слова і правяла пазітыўную акцыю з сэнсам: наведвальнікі і ўдзельнікі выставы атрымалі віншавальныя паштоўкі з надпісам «Разам з сумленнем і адказнасцю» з нагоды Сусветнага дня свабоды прэсы. Гэтым БАЖ хацеў паказаць, што журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ мусяць найперш бачыць адзін у адным калег, а не ворагаў і ідэалагічных работнікаў. А свабоднае слова немагчымае без сумлення і адказнасці яго аўтараў. Паштоўкі атрымалі міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі, першая намесніца міністра інфармацыі Лілія Ананіч, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі, міністр культуры Павел Латушка.
У час размовы з журналістам «Новага часу» Павел Латушка выказаў шчырае здзіўленне, калі даведаўся, што гэта выданне пазбаўлена магчымасці даходзіць да чытачоў праз дзяржаўную сістэму распаўсюду. Міністру культуры паводле прафесійных абавязкаў, магчыма, гэтай інфармацыяй і не абавязкова валодаць, але момант таго, што чыноўнік прыходзіць на выставу СМІ і з прыватнай размовы даведваецца такія факты, шмат пра што гаворыць. Зрэшты, дзяржаўная сістэма складаецца і напаўняецца непасрэдна людзьмі, таму і адказнасць за тое, што адбываецца, нясуць усе.
Павел Паўлавіч пагадзіўся адказаць на адно пытанне для газеты. Пытанне «Новага часу» гучала так: ці задаволены міністр культуры тым, што ў Беларусі ў дзяржаўнай сістэме распаўсюду толькі дзве рэспубліканскія грамадска-палітычныя газеты, якія выходзяць цалкам на беларускай мове? На што Латушка, вядомы сваёй прыязнай пазіцыяй да мовы, расказаў пра значнасць выхаваўчага працэсу. «Важнай справай з’яўляецца асвятленне падзей у галіне культуры на беларускай мове, але не варта рабіць гвалту, каб насамрэч гэта было запатрабавана. Важны выхаваўчы працэс, які пачынаецца ці не з дзіцячага садка, трэба ствараць прыхільнае стаўленне да беларускай мовы і культуры. Калі мы будзем ісці гэтым шляхам, то і беларускамоўных газет будзе больш, і чытаць іх будуць гэтак жа, як цяпер чытаюць па-руску», — сказаў міністр. А пасля з усмешкай дадаў: «Дыпламат, так?»
Апошняя фраза міністра — гэта сімптом усяго нашага грамадства. Яна — альтэрнатыўны сінонім традыцыйнаму апраўданню сваіх дзеянняў чыноўнікаў і супрацоўнікаў міліцыі, якія гавораць: «Я ўсё разумею, але, вы ж ведаеце, мушу зрабіць менавіта так».