«Спроба пашырыць палітычны ўплыў Расіі на Беларусь». Польскі палітолаг пра заяву Бабіча

Польскі палітолаг Кшыштаф Мрозэк (Фонд імя Стэфана Баторыя, Варшава) пракаментаваў «Радыё Свабодзе»  заяву амбасадара Расіі Міхаіла Бабіча.

Аляксандр Лукашэнка (справа) і амбасадар Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч

Аляксандр Лукашэнка (справа) і амбасадар Расіі ў Беларусі Міхаіл Бабіч

Расійскі амбасадар у Менску Міхаіл Бабіч заявіў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», што ў Маскве любы ваенны напад на Беларусь будуць разглядаць як агрэсію ў дачыненні да Расіі «з усімі наступствамі, якія з гэтага вынікаюць».

— Як вы пракаментуеце тое, што расійскі дыпламат загаварыў пра ваенны напад на Беларусь? Ці насамрэч Польшча пагражае Беларусі?

— Вядома ж, Польшча не пагражае Беларусі ні з пункту гледжання магчымага ваеннага нападу і ні ў якім іншым выглядзе. Я ўспрымаю словы амбасадара Бабіча як палітычную заяву. Але яго інтэрв’ю для беларускага тэлебачання трэба разглядаць з трох перспектываў:

·        саюзныя гарантыі бяспекі;

·        дыпламатычны ўплыў;

·        спроба пашырыць палітычны ўплыў Масквы на Беларусь. 

«Беларусь не знаходзіцца пад пагрозай агрэсіі з боку Польшчы»

З першага пункту гледжання — пра саюзныя гарантыі — ягоныя словы чаканыя, бо Беларусь і Расія знаходзяцца ў саюзных стасунках, як пасол сказаў, вядуць сумесную вайсковую палітыку, арганізуюць сумесныя вайсковыя вучэнні. Значыць, Расія дае гарантыі бяспекі Беларусі. Праблема ў тым, што Беларусь не знаходзіцца пад пагрозай агрэсіі з боку Польшчы, Літвы, Латвіі ці іншай краіны-сябра НАТО ці Еўразвязу.

Бо сістэма бяспекі НАТО мае выключна абарончы характар. І ўся вайсковая тэхніка, вайсковая інфраструктура на тэрыторыі Польшчы і прыбалтыйскіх краін таксама мае выключна абарончы характар. А яе развіццё трэба звязваць з тым, што адбывалася ў Крыме і на Данбасе, а менавіта расійскім нападам на свайго суседа. І тым, што ўсходнія краіны-сябры НАТО і краіны-сябры ЕС не адчуваюць сябе бяспечна з Расіяй, якая вядзе актыўную і агрэсіўную ваенную палітыку.

 

«Бабіч даў сігнал Менску, што Менск знаходзіцца ў зоне ўплыву Крамля»

Другая перспектыва — гэта дыпламатыя. І тут пасол Бабіч даў сігнал Менску, што Менск знаходзіцца ў зоне ўплыву Крамля і Крэмль зробіць усё магчымае, каб так засталося. Таксама пасол Бабіч даў сігнал Варшаве і балтыйскім краінам, што Масква ўспрымае вайсковае супрацоўніцтва з НАТО і ЗША як правакацыю.

 

098569b7_19cf_411f_9b7b_c46ac422e9b5_w650_r0_s.jpg

«Гэта спроба пашырыць палітычны ўплыў Расіі на Беларусь»

Трэцяе — гэта спроба пашырыць яшчэ больш палітычны ўплыў Расіі на Беларусь. І паводле многіх экспертаў, і я так разумею, што Расія можа ў бліжэйшай будучыні вярнуцца да пытання стварэння чарговых вайсковых базаў і частак расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Як бы ў адказ на тое, што ў Польшчы размяшчаецца ці будзе размяшчацца так званы Форт Трамп.

Вядома, гэта ня факт, гэтага яшчэ не адбылося. Але для Расіі гэта быў бы зручны аргумэнт у перамовах з беларускім кіраўніцтвам, што ў звязку з павелічэннем прысутнасці заходніх войскаў ля мяжы саюзнай дзяржавы трэба, на думку Крамля, стварыць больш вайсковых сілаў Расіі на тэрыторыі Беларусі. І ў Калінінградскай вобласці, канечне, таксама, але гэта ня мае прамога ўплыву на стасункі паміж Расіяй і Беларуссю. 

 

Мікалай Анішчанка, Кшыштаф Мрозэк (Фонд імя Стэфана Баторыя) і Андрэй Елісееў на круглым стале ў Менску. Кастрычнік 2018. 

Мікалай Анішчанка, Кшыштаф Мрозэк (Фонд імя Стэфана Баторыя) і Андрэй Елісееў на круглым стале ў Менску. Кастрычнік 2018. 

«Расійскі напад на Украіну спыніў дамову»

— Пасол Бабіч кажа, што, маўляў, нічога добрага ні для Польшчы, ні для балтыйскіх краін, дзе гэтыя базы разгортваюцца, гэта не прынясе. А як ставяцца ў Польшчы да разгортвання Форта Трамп?

— Калі ў сакавіку 1999 году Польшча ўступала ў НАТО, мы былі згодныя на тое, што ёсць дамова НАТО-Расія і што ў новых усходніх краінах-сябрах альянсу, якія знаходзяцца ў былой расійскай і савецкай зоне ўплыву, ня будуць утварацца вялікія саюзныя сілы НАТО. Мы гэта ўспрымалі як факт, што такая дамова існуе і ў бліжэйшай будучыні вайсковых базаў НАТО ў Польшчы ня будзе.

Але, на думку Варшавы і многіх іншых краін НАТО, расійскі напад на Ўкраіну ў 2014 годзе спыніў гэтую дамову. То бок Расія парушыла ўмовы дамовы з НАТО, і цяпер гэтую дамову нельга лічыць дзейнай і можна развіваць абарончую вайсковую інфраструктуру як у Польшчы, так і ў краінах Балтыі. З іншага боку, Расія ня так глядзіць на гэта, і, згодна з заявамі Крамля і вайсковага кіраўніцтва Расіі, дамовы 90-х застаюцца ў сіле. І гэта азначае, што любое размяшчэнне вайсковых сіл у Польшчы і іншых усходніх краінах НАТО — гэта правакацыя адносна Расіі.

Але па факце, калі паглядзець, якія сілы размяшчаюцца і якія Польшча хацела б размясціць, яны не з’яўляюцца пагрозай для Расіі, бо іх характар выключна абарончы. А самая галоўная мэта — гэта абараніць так званы Сувалкаўскі калідор, гэта польска-літоўская мяжа, якая паміж тэрыторыяй Беларусі і Калінінградскай вобласцю. Эксперты лічаць яе самай небяспечнай падчас вайны.

 

«Вайсковая прысутнасць ЗША на тэрыторыі Польшчы ўжо ёсць»

— Што за база Форт Трамп? Калі яна можа з’явіцца?

— Гаворыцца, што гэта база для адной танкавай дывізіі войскаў ЗША. І гэта база па жаданні Варшавы можа з’явіцца ў бліжэйшай будучыні, як толькі з’явіцца палітычнае рашэнне кіраўніцтва ЗША. Але фішка ў тым, што вайсковая прысутнасць ЗША на тэрыторыі Польшчы ўжо ёсць. Проста, каб не парушаць дамовы з Расіяй, яна называецца не пастаяннай, а пастаянна-цыклічнай прысутнасцю войскаў ЗША.

Гэта не дазваляе размясціць на нашай тэрыторыі большую вайсковую тэхніку і абмяжоўвае колькасць амерыканскіх і іншых саюзных вайскоўцаў. Варшаве важна, каб гэта прамым тэкстам назваць пастаяннай прысутнасцю. Прэзідэнт Дуда падчас візыту ў ЗША ў верасні прапанаваў прэзідэнту Трампу адкрыць пастаянную базу і назваць яе Форт Трамп, каб ён з большым энтузіязмам паставіўся да гэтых планаў. Але, апроч прэзідэнта Трампа, не бачна вялікага энтузіязму наконт гэтых планаў у амерыканскім кіраўніцтве, у тым ліку ў Кангрэсе і ў Дэпартаменце абароны. Цяпер будуць весціся перамовы, і шмат што залежыць ад вынікаў лістападаўскіх парламенцкіх выбараў у ЗША.

— То бок пакуль яшчэ цяжка сказаць, калі з’явіцца Форт Трамп?

— Пакуль яшчэ рана казаць. Калі будуць вывучаныя наступствы адкрыцьця такой базы, будзе прымацца рашэнне. Варшаве гэта важна ня толькі з гледзішча абароны, але і з палітычнага пункту гледжання. Гэта гучныя і прамыя заявы палітыкаў цяперашняга ўраду, што адкрыццё такой базы — галоўная мэта нашай абарончай палітыкі. І калі гэта не атрымаецца, то могуць быць сур’ёзныя палітычныя наступствы для польскага кіраўніцтва. Бо ў наступным годзе ў нас парламенцкія выбары, а пра два гады — прэзідэнцкія.

www.svaboda.org