Старшыня АБСЕ: «Разглядаецца 80 прапаноў, каб дапамагчы вырашыць палітычны крызіс у Беларусі»
18 студзеня Святлана Ціханоўская правяла анлайн-сустрэчу з амбасадарамі ЕС ў АБСЕ. Яна прапанавала АБСЕ ўзяць на сябе арганізацыю інклюзіўнага дыялогу для вырашэння крызісу ў Беларусі і папрасіла гарантый бяспечнага вяртання ў Беларусь для сябе і іншых палітыкаў.

Святлана Ціханоўская і Ан Ліндэ падчас сустрэчы 17 лістарада 2020 года / «Радыё Свабода»
У адказ на пытанне «Радыё Свабода», ці можа АБСЕ пайсці насустрач прапановам Святланы Ціханоўскай, старшыня АБСЕ і міністарка замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ, якая знаходзіцца з рабочым візітам у Кіеве, заявіла, што ў іх ёсць каля 80 прапаноў дапамогі па вырашэнні палітычнага крызісу ў Беларусі. Таксама яна адзначыла, так званы «маскоўскі механізм» быў прапанавамі АБСЕ яшчэ летась, калі ў дачыненні да пратэстоўцаў прымяняліся жорсткае абыходжанне і катаванні.
Аднак яна канстатуе, што пакуль дыялог паміж уладай і прадстаўнікамі дэмакратычных сіл немагчымы: «Адкрытым застаецца пытанне, якім чынам мы можам дапамагчы лідарам апазіцыі і Святлане Ціханоўскай, з якой я мела магчымасць сустрэцца ў Стакгольме. Якім чынам у рамках нашай арганізацыі мы можам спрыяць дыялогу між апазыцыяй і цяперашнім рэжымам. Я абмяркоўвала гэтае пытанне з міністрам замежных спраў Беларусі і лідарамі апазыцыі. На жаль, цяпер дыялог немагчымы, пакуль застаюцца невызваленымі ўсе затрыманыя і палітычныя вязні. На гэта спатрэбіцца час».