Сунгоркін пра Лукашэнку: галоўная яго мэта — захаваць уладу, нікуды ён не сыдзе

Галоўны рэдактар «Комсомольской правды» Уладзімір Сунгоркін распавёў, што ведае Аляксандра Лукашэнку гадоў трыццаць і за гэты час той моцна змяніўся.
Уладзімір Сунгоркін / Скрыншот відэа з тэлеканала RTVI

Уладзімір Сунгоркін / Скрыншот відэа з тэлеканала RTVI


— Як кажуць, усякая ўлада разбэшчвае, абсалютная ўлада разбэшчвае абсалютна. Год таму ён рэальна быў вельмі блізкі да страты ўлады. Я лічу, што адзіная сіла, якая яго выратавала, — гэта была Расія. І ён павінен быць удзячны Расіі. Калі б не выразныя, адназначныя словы расійскага кіраўніцтва ў верасні «мы не дапусцім ўмяшання ва ўнутраныя справы», якія ў перакладзе на рускую азначаюць «мы не дапусцім падзення рэжыму Лукашэнкі», наўрад ці б ён застаўся ва ўладзе. І ён лепш за ўсіх гэта ведае.

Сунгоркін заявіў, што сёння ў Лукашэнкі галоўная апора — сілавікі. На яго думку, па іх парадзе ён прыняў рашэнне знішчыць незалежныя СМІ ў краіне, у тым ліку і «Камсамолку». Ён таксама адзначыў, што заканадаўства ў Беларусі вельмі хутка становіцца больш жорсткім, і прывёў у якасці прыкладу пагрозы прыцягваць да крымінальнай адказнасці падпісчыкаў «экстрэмісцкіх» каналаў, а такімі ў краіне ўжо прызнаныя больш за 100.

— Будзе ўсё далей больш жорстка, больш жорстка і больш жорстка. Тэмп быў зададзены ў верасні мінулага года. Машына абмежавання ідзе ў адным кірунку: пастаўлена задача знайсці і разабрацца з усімі, хто ўдзельнічаў у пратэсных акцыях. Пра гэта адкрыта заявіў кіраўнік МУС Беларусі.

Сунгоркін заявіў, што не можа назваць Лукашэнку тыранам, «таму што ў мяне чалавек у турме сядзіць там».

На думку Сунгоркіна, галоўная мэта Лукашэнкі — захаваць уладу, а ўсе яго размовы пра рэферэндум, змяненне Канстытуцыі і што ён вось-вось сыдзе — гэта проста размовы.

— Я вас запэўніваю, нікуды Аляксандр Рыгоравіч сыходзіць не збіраецца. Ёсць песня, якую Аляксандр Рыгоравіч вельмі любіць: «Любімую нікому не аддаюць». Нікому сваю любімую Беларусь ён не аддасць, і ўсе яго дзеянні цяпер накіраваныя на захаванне ўлады.

На думку галоўрэда «КП», адна з пагроз для ўлады — некантралюемая інфармацыя, таму цяпер у Беларусі ідзе расправа з незалежнымі СМІ і ўзмацненне жорсткасці кантролю над інтэрнэтам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: