Сустрэча «Усходняга партнёрства» — без уладаў Беларусі
Не запрашаць прадстаўнікоў беларускіх уладаў на саміт «Усходняга партнёрства» і Еўрасаюзу, які мае адбыцца ў Вільні, заклікае кіраўнік амерыканскай няўрадавай арганізацыі Freedom House. Дэвід Крамер лічыць, што на саміце не павінна быць прадстаўнікоў беларускіх уладаў, калі захаваецца цяперашняя сітуацыя.
«Мне б куды больш хацелася, каб Беларусь прадстаўлялі актывісты грамадзянскай супольнасці, праваабаронцы», — сказаў Дэвід Крамер. «Я не кажу «ніколі не размаўляйце з урадам», гэта нерэальна. Але не варта было б даваць людзям з урада такую платформу, як «Усходняе партнёрства», — адзначыў ён.
Беларусь уваходзіць у лік шасці постсавецкіх рэспублік, якія ўключаны ў еўразвязаўскую праграму «Усходняе партнёрства». ЕЗ і ЗША ўвялі санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў. Іх вінавацяць у рэпрэсіях супраць апазіцыі і абмежаванняў правоў чалавека. Саміт ЕЗ і «Усходняга партнёрства» запланаваны на лістапад гэтага года ў Вільні.
Фота obozrevatel.com