Святлана Ціханоўская аб'яўляе Міжнародную канферэнцыю аб новых выбарах у Беларусі
Святлана Ціханоўская ініцыюе міжнародную канферэнцыю «Дэмакратычныя выбары для вырашэння крызісу ў Беларусі» 1-2 чэрвеня 2021 года. Мэта канферэнцыі — абмеркаваць, як прыйсці да датэрміновых выбараў прэзідэнта Беларусі для вырашэння крызісу і як іх правесці. Канферэнцыю праводзяць міжнародныя партнёры IFES (ЗША), International IDEA (Швецыя) і DRI (Германія) пад патранажам Ціханоўскай.
З боку Беларусі на канферэнцыі выступяць сама Святлана Ціханоўская, яе спецпрадстаўнік па выбарах Аляксандр Шлык, дарадца Франак Вячорка, член прэзідыума Каардынацыйнага Савета Вольга Кавалькова, кіраўнік НАУ Павел Латушка і іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
Таксама ўдзел у канферэнцыі прымуць віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента Клара Добрэў, кангрэсмен ЗША Біл Кіцінг, генеральны сакратар Парламенцкай Асамблеі АБСЕ Рабэрта Мантелла, генеральны сакратар міжурадавай арганізацыі International Idea Кевін Касас-Замора, кіраўнік ЦВК Грузіі Тамар Жванія, генеральны сакратар Асацыяцыі арганізатараў выбараў краін Еўропы Жолт Салнокі (Венгрыя), міжнародны эксперт па выбарах Уршула Гацек (Польшча) і іншыя.
Офіс Ціханоўскай таксама прапанаваў ўдзел і прадстаўнікам рэжыму, у тым ліку кіраўніку адміністрацыі Ігару Сяргеенку, намесніку кіраўніка адміністрацыі Вользе Чупрыс, сябру Палаты прадстаўнікоў Святлане Любецкай.
Ціханоўская: «Захоп самалёта з Раманам Пратасевічам, знішчэнне TUT.by, самагубства 17-гадовага Дзмітрыя Стахоўскага, які не вытрымаў палітычнага пераследу, — гэта ўсё наступствы таго, што Лукашэнка сфальсіфікаваў выбары і трымае ўладу сілай.
Мы змагаемся за тое, каб спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў і вярнуць у нашу краіну сумленныя, свабодныя выбары. Толькі выкананне ўсіх трох гэтых мэт можа комплексна вырашыць крызіс у Беларусі.
Мы ведаем, што да новых выбараў трэба рыхтавацца загадзя, і міжнародная канферэнцыя дапаможа нам у гэтым. Таму мы запрасілі да ўдзелу нашых замежных партнёраў, ЦВК дэмакратычных дзяржаў — яны гатовыя абменьвацца з намі вопытам. Гэта яшчэ раз даказвае, што міжнародная супольнасць зачыняе свае дзверы для рэжыму, але адчыняе — для Беларусі і беларусаў.
Лукашэнка з гэтага часу ізгой ва ўсім свеце, ён не прызнаны ні ўнутры краіны, ні звонку. Дэмакратычныя лідары, у той жа час, прызнаныя народам Беларусі і міжнароднай супольнасцю, таму дыялог аб новых выбарах цяпер не толькі ў нашых інтарэсах, але і ў інтарэсах прадстаўнікоў рэжыму, якім самы час задумацца пра сваю будучыню. І мы ўжо выслалі ім персанальныя запрашэнні».