Ціханоўская стэлефанавалася з дарадцам прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы

Святлана Ціханоўская заклікала Злучаныя Штаты пачаць расследаванне па факце захопу самалёта «Ryanair» і разглядаць гэты факт неад’емна ад рэпрэсій у Беларусі.

photo_2021_04_09_18_33_37.jpg

Вечарам 24 траўня Святлана Ціханоўская правяла тэлефонныя перамовы з Джэйкам Саліванам — дарадцам прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы. Пра размову офіс Ціханоўскай расказаў у сваім Telegram-канале раніцай 25 траўня.

Паводле Ціханоўскай, яна перадала Салівану ўсе вядомыя дэталі затрымання ў Мінску журналіста Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Сафіі Сапега. Яна дадала: «Няма сумневаў, што да Рамана ў засценках турмы прымяняюцца катаванні».

Яна заклікала ЗША распачаць расследаванне аб захопе самалёта «Ryanair» і затрыманні Пратасевіча, падтрымаць спыненне ўдзелу Беларусі ў Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі і Інтэрполе, а таксама абмяркоўваць далейшыя дзеянні міжнароднай супольнасці, каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці і вызваліць беларускіх палітычных зняволеных.

«Сітуацыю з захопам самалёта нельга разглядаць асобна ад іншых рэпрэсій і жахлівых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, — перадае офіс Ціханоўскай яе заяву ў размове. — Знішчэнне TUT.by, гібель Вітольда Ашурка, захоп Рамана — гэта ўсё вынік беспакаранасці рэжыму і адсутнасці рашучай рэакцыі з боку сусветнай супольнасці. Таму рэакцыя павінна быць усёабдымнай, уключаць санкцыі і палітычную ізаляцыю рэжыму».

Ціханоўская дадала, што працуе разам з амбасадаркай ЗША Джулі Фішэр і прапанавала ЗША абмеркаваць рашэнне беларускага крызісу з удзелам беларускіх дэмакратычных сіл на саміце «Вялікай васьмёркі» ў Лондане (мінулы такі саміт прайшоў у пачатку траўня ў фармаце «Вялікай сямёркі», без Расіі, а наступны ў тым жа фармаце запланаваны на 11-13 чэрвеня). Таксама яна заклікала правесці летам «міжнародную канферэнцыю высокага ўзроўню», прысвечаную рашэнню крызісу ў Беларусі.

Заява прэзідэнта ЗША Джо Байдэна, адзначае офіс Ціханоўскай, з’явілася неўзабаве пасля размовы Ціханоўскай з Саліванам.

Паводле «Белсата».