Адвакат не змог трапіць да Сафіі Сапега, якую затрымалі разам з Пратасевічам
Адвакат затрыманай у аэрапорце Мінска грамадзянкі Расіі Сафіі Сапега пакуль не змог сустрэцца са сваёй падабароннай, якая знаходзіцца ў турме на Акрэсціна. Пра гэта паведаміў у аўторак ТАСС па тэлефоне бацька затрыманай Сяргей Дудзіч.
«У панядзелак мы заключылі дамову з адвакатам. Па стане на вечар учарашняга дня адвакат не трапіў да яе», — адзначыў бацька.
Грамадзянка Расіі Сафія Сапега, якую затрымалі 23 траўня
разам з блогерам Раманам Пратасевічам, цяпер знаходзіцца ў ізалятары на
Акрэсціна ў Мінску.
«Мы даведаліся з Інстаграма, што зрабіў пасадку рэйс, [які
ляцеў] з Афін у Вільню. Яны былі на адпачынку. Звычайная паездка з маладым
чалавекам. Мы жывём у Лідзе, мы даведаліся, што самалёт над Лідай
развярнулі, да Вільні заставаліся лічаныя хвіліны ляцець».
Маці затрыманай Ганна Дудзіч дадала, што дачка паспела напісаць у WhatsApp толькі
слова «мама».
«Яна не паспела працягнуць. Больш я з ёй не звязвалася. У
цяперашні момант яна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна,
мы яе сёння знайшлі, нанялі адваката».
У чым абвінавачваюць 23-гадовую Сафію Сапега, дагэтуль
невядома.
МЗС Расіі запытаў консульскі доступ да затрыманай.
«Мы сустрэліся з консулам, пагутарылі, апісалі сітуацыю, яны
ў курсе таго, што адбылося, спадзяюся, яны нам дапамогуць», — сказала Ганна Дудзіч.
23 траўня, падчас вымушанай пасадкі ў Мінску рэйсу FR 4978
«Афіны — Вільня» авіякампаніі «Ryanair», спецслужбы рэжыму Лукашэнкі затрымалі
блогера Рамана Пратасевіча і яго сяброўку, студэнтку Еўрапейскага
гуманітарнага ўніверсітэта Сафію Сапега. Сапега — грамадзянка Расіі і вучыцца ў ЕГУ на праграме «Міжнароднае права і права Еўрапейскага Саюза».
Па вяртанні з адпачынку Сафію ў Вільні чакала абарона
магістарскай працы.
Паводле «Свабоды».