Маці Рамана Пратасевіча: Выглядае, што яму паламалі нос і выбілі зубы
Наталля Пратасевіч распавяла, якім убачыла сына на відэа, запісаным сілавікамі пасля сутак знікнення Рамана.
«Я і блізкія людзі, якія пабачылі відэа, прыйшлі да высновы,
што Рома вельмі моцна збіты. Я выдатна ведаю свайго сына. У яго паламаны нос. Я
не хірург, але мы моцна прыбліжалі відэа, перагародка ссунутая, відаць чарнату
на ёй. Таксама выбітыя зубы, калі прыглядзецца. Вывернуты клык, скрыўлены, а за
ім дзірка. Сінякі замазаныя грымам. Твар перакошаны, шчака апала».
Спадарыня Наталля адзначае, што інтанацыя, з якой гаворыць
Раман, не ўласцівая для яго. Паводле яе, бачна, што з яго выбіваюць прызнанні, распавядае «Белсат».
Таксама Наталля Пратасевіч не выключае, што відэа маглі
запісаць не ў СІЗА. Сястра Рамана званіла ва ўсе шпіталі Мінска, але нідзе не
бралі слухаўкі. Звярнула ўвагу маці Рамана і на цыгарэты.
«Я не моцна разбіраюся, але муж кажа, што такіх ён не
курыць».
Сёння адвакатка Рамана Інэса Аленская паспрабуе да яго
трапіць.
24 траўня ў праўладных тэлеграм-каналах з’явілася першае
відэа з затрыманым у мінскім аэрапорце журналістам Раманам Пратасевічам. На
відэа блогер пацвердзіў сваё затрыманне і расказаў, што на дадзены момант
знаходзіцца ў СІЗА на Валадарцы і ніякіх праблем з сэрцам ды іншымі органамі ў
яго няма, а стаўленне з боку супрацоўнікаў «паводле закону, карэктнае». Таксама
хлопец дадаў, што цяпер «супрацоўнічае са следствам і дае прызнальныя паказанні
паводле факту арганізацыі масавых беспарадкаў у горадзе Мінску».