За сарваную маску з міліцыянта, які ўдарыў жанчыну, жыхарцы Жодзіна пагражае пяць гадоў «хатняй хіміі»
Суд горада Жодзіна 25 мая пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Анастасіі Герыловіч, якая, паводле версіі следства, сарвала маску з супрацоўніка міліцыі і тым самым здзейсніла гвалт альбо пагрозу прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт 364 Крымінальнага кодэкса).
Справу разглядае суддзя Іван Грынкевіч. Дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Дзмітрый Ярашэвіч, піша «Вясна».
У верасні мінулага года па інтэрнэце разляцелася відэа з
Жодзіна, на якім міліцыянт Мікалай Бараноўскі б'е жанчыну па твары з такой
сілай, што яна падае на зямлю. Да міліцыянта адразу ж падбеглі абураныя
жодзінцы, адна з іх — Анастасія Герыловіч — сарвала з яго маску.
Больш за паўгода пытанняў да жанчыны не ўзнікала, але 7
красавіка яе затрымалі і распачалі
крымінальную справу аб гвалце над супрацоўнікам міліцыі.
Усё як у справе палітзняволенай Наталлі Хершэ
«У аўторак, 6 красавіка, мне распавялі пра пост у сацсетках, што міліцыя шукае таго, хто сарваў маску з міліцыянта, які 13 верасня мінулага года ўдарыў жанчыну. Аказалася, у міліцыі ёсць відэа. На ім бачна, што пасля таго, як міліцыянт ударыў жанчыну, і яна ўпала, я падышла да яго, зняла маску, ён схапіў мяне за руку, утрымліваў, потым натоўп пачаў навальвацца і ён мяне адпусціў», — распавядала Анастасія журналістам.
У якасці пацярпелага па справе выступае участковы інспектар
міліцыі, маёр Мікалай Бараноўскі.
Анастасіі Герыловіч 35 гадоў, адна выхоўвае сына, працяглы
час працуе ў Мінску.
На допыце жанчына распавяла, што ў той самы дзень яна гуляла
ў горадзе, убачыла вялікую колькасць людзей, а потым тое, што міліцыянт моцна
ўдарыў жанчыну ў твар і тая ўпала. Гэта яе вельмі ўсхвалявала, і, знаходзячыся
ў моцным эмацыйным узрушэнні, яна падбегла і вырашыла сарваць маску, каб
бачыць, хто гэта. Яна не хацела, каб пасля такога ўчынку міліцыянт застаўся
неапазнаным.
Дзяржабвінаваўца Ярашэвіч агучыў матэрыялы следства:
«Каля 15:30 13.09.20, знаходзячыся паблізу дома 22 па
праспекце Леніна ў горадзе Жодзіна Мінскай вобласці, дзейнічаючы наўмысна ў
мэтах перашкоджання законнай дзейнасці органаў унутраных спраў, участковага
інспектара міліцыі маёра міліцыі Бараноўскага, пэўна ведаючы, што ён з'яўляецца
супрацоўнікам органаў унутраных спраў... пры гэтым ажыццяўляў затрыманне
Гусаковай, за здзяйсненне адміністрацыйнага правапарушэння прадугледжанага
часткай 1 артыкула 23.34, ужыла да Бараноўскага гвалт, які выявіўся ў тым,
што наўмысна сарвала маску з пацярпелага і пазногцямі правай рукі прычыніла
ранку завушнай вобласці».
Віну Герыловіч прызнала цалкам.
У судзе далучаная распіска ад пацярпелага, што яму пакрылі
маральную шкоду ў памеры 600 рублёў.
Сёння дзяржабвінаваўца запрасіў для Герыловіч пяць гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.