Святлана Ціханоўская ў Вільні сустрэлася з кіраўніком Еўрапейскай рады Шарлем Мішэлем

Падчас сустрэчы Ціханоўская, у прыватнасці, распавяла аб прысудзе Віктару Бабарыку і пра іншыя суды над беларусамі.

Святлана Ціханоўская і Шарль Мішэль. Фота: тг-канал Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская і Шарль Мішэль. Фота: тг-канал Ціханоўскай


Ціханоўская адзначыла, што ўсе невінаватыя людзі павінны быць вызваленыя, і зрабіць гэта можна па «Акце аб рэабілітацыі», перадае тэлеграм-канал палітыка.

Апроч таго, Святлана Ціханоўская прапанавала канцэпт, як беларускі народ можа быць прадстаўлены ва «Усходнім партнёрстве», калі Лукашэнка самаўхіліўся ад гэтай праграмы. Яна таксама прапанавала, каб дэмакратычныя сілы прадставілі Беларусь на саміце «Усходняга партнёрства».

На пытанне Мішэля аб адзінстве сілавога блока і дэмакратычных сіл Ціханоўская адказала, што сярод сілавікоў адзінства няма даўно, а дэмакратычныя сілы, як і раней, працуюць разам на адзіную мэту: «Са зносін з супрацоўнікамі сілавых структур мы разумеем, што ў рэжыме яны бачаць толькі гвалт і ніякай будучыні. Яны выдатна ведаюць, што іх будучыня — за дэмакратычнымі пераменамі».

Ціханоўская таксама заявіла, што варта пашыраць праграмы дапамогі палітвязням і іх сем’ям, незалежным медыя і прыватнаму бізнесу, а таксама «План ЕС для новай Беларусі». Таксама зараз важна, каб Украіна далучылася да санкцый ЕС і каб былі зачыненыя шчыліны ў санкцыях — тады ў рэжыму не будзе шляхоў для іх абыходу.

Апроч таго, яна заклікала падтрымаць канферэнцыю па вырашэнні крызісу ў Беларусі на ўзроўні ЕС.