Трамп зацвердзіў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон пра федэральны бюджэт ЗША (HR133), паведаміў у твітары намеснік прэс-сакратара Белага дома Джад Дыр. У склад HR 133 уключаны і нядаўна зацверджаны Сенатам «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі».
Гэты дакумент дае прэзідэнту ЗША дадатковыя паўнамоцтвы па ўвядзенні санкцый у сувязі з выбарамі 2020 года ў Беларусі і наступнымі за імі падзеямі.
Законапраект быў прадстаўлены кангрэсменам Крысам Смітам. Ён з'яўляецца адным з аўтараў актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў.
«Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з'яўляецца сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах, або ў дачыненні да ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ, альбо прадстаўніка саюзнай дзяржавы, альбо расійскага грамадзяніна, які прымаў значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека адносна палітычных рэпрэсій у Беларусі», — гаворыцца ў тлумачэнні да дакумента.
Акрамя таго, абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі змяшчае наступныя палажэнні:
- прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна абраным лідарам Беларусі»;
- заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;
- заклікае вызваліць усіх палітычных зняволеных без усялякіх папярэдніх умоў;
- падтрымлівае імкненне народа Беларусі да свабоды веравызнання;
- дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;
- заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расіяй;
- патрабуе ад Злучаных Штатаў стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
- аказвае падтрымку беларускім СМІ і прадстаўнікам IT-сектара.