Трэба адстойваць вышэйшыя каштоўнасці — незалежнасць і суверэнітэт Беларусі. Дзень Волі ў Брэсце
Актывісты абласной арганізацыі БСДП у Брэсце правялі шэраг акцый, прысвечаных абвяшчэнню Беларускай Народнай Рэспублікі.
Спачатку традыцыйна сацыял-дэмакраты разам з прадстаўнікамі грамадскасці на Трышынскіх могілках ушанавалі памяць Адама Трыпуса, беларускага афіцэра, настаўніка, дзеяча Беларускай Народнай Рэспублікі. З прамовай выступіў берасцейскі гісторык і краязнаўца Ігар Бараноўскі, які распавёў пра лёс берасцейскіх прадстаўнікоў БНР.
Затым сацыял-дэмакраты на пешаходнай вуліцы ў цэнтры горада правялі інфармацыйную акцыю.
“Да ўгодкаў абвяшчэння БНР мы выдалі адмысловы бюлетэнь, прысвечаны менавіта гістарычным падзеям 1918 года. Асобны акцэнт зроблены на тое, што менавіта беларускія сацыялісты і сацыл-дэмакраты стаялі ля вытокаў абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці. Мы віншавалі берасцейцаў з Днём Волі, распаўсюджвалі нашы бюлетэні і ўлёткі аб выніках дзейнасці абласной арганізацыі БСДП, запрашалі да супрацоўніцтва і ўступленню ў нашы шэрагі. Некалькі жыхароў горада паабяцалі прыйсці ў офіс абласной арганізацыі БСДП. У сённяшніх умовах мы павінны вынесці ўрокі з тых трагічных падзей, якія затым наступілі, як для лідэраў БНР, так і для самой дзяржавы. Мы лічым, што сучасная партыя павінна абапірацца на шырокую падтрымку мэтавых груп, праяўляць сябе, як абаронца сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян, і безумоўна, адстойваць вышэйшыя каштоўнасці — незалежнасць і суверэнітэт Беларусі”, — каментуе вынікі акцыі старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыл-дэмакратычнай партыі (Грамады) Ігар Маслоўскі.
Нагадаем, што раней абласная арганізацыя БСДП звярнулася да мясцовых органаў улады з прапановай ушанаваць памяць братоў Цвікевічаў, якія нарадзіліся і выраслі ў Берасці.
Паводле прэс-службы Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП