Севярынец: «Беларусь ніколі не будзе калгасам»
На пачатку адзначэння Дня Волі ў Мінску кароткую прамову выказаў заснавальнік «Маладога Фронту», старшыня аргкамітэту па стварэнні партыі БХД Павал Севярынец.
«Дзякуй богу, дзень сёння светлы, ясны сонечны, — казаў 25 сакавіка ў парку Купалы Павал Севярынец. — І дзякуй вам, тым,
хто не пабаяўся! У беларускай мове воля азначае і свабоду, і рашучасць. Гэта адна з нямногіх моваў свету, якая аб’ядноўвае паняцці, так неабходныя нашаму народу.
Дваццаць два гады гэтую краіну спрабавалі ўтаптаць у бруд. Ужо хутка сто гадоў, як розныя прыблуды спрабавалі ператварыць нашую радзіму ў адзін суцэльны калгас, у якім бы кіравалі
ад балды, у якім былі б толькі свінафермы, чырвоныя куткі, брыгадзіры і людзі па калена ў брудзе. Але гэтаму не бываць! Савецкі саюз разваліўся, Расейская імперыя развальваецца — і
час Лукашэнкі ўжо праходзіць. Беларусь ніколі ня будзе калгасам.
Дарагія сябры! Дзень Волі, 25 сакавіка, для многіх хрысціянаў, каталікоў і пратэстантаў, гэта дзень Дабравешчання, калі бог сказаў Марыі, што ў яе народзіцца збаўца
свету, Езус, і так і сталася. Таму гэты дзень надзвычай светлы. І таму гэта дзень тых, хто верыць. Калі мы будзем верыць, мы пераможам. Жыве Беларусь!»
Акцыя на Дзень Волі пачалася ў менскім парку Янкі Купалы каля 17 гадзіны, завершыўся праз 20 хвілін ускладаннем кветак да помніка Янку Купалу. З палітычных лідэраў у парк прыйшлі разам
з Севярынцам Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька,Вячаслаў Сіўчык, Уладзімер
Някляеў і іншыя — яны трымаюць прамовы пад помнікам Янку Купалу. Улады дазволілі правесці шэсьце ад Акадэміі навук да плошчы Бангалор і мітынг у Парку дружбы
народаў.