У Гродне прайшоў сход за аб'яднанне Беларусі і Расіі
У Беларусі адбыўся чарговы сход незарэгістраванага аб'яднання «Грамадзянская ініцыятыва «Саюз». Пра гэта паведаміў шэраг чарнасоценскіх рэсурсаў.
Рухам кіруе расійскі палітык Сяргей Бабурын, які ў 2014-м «за асабісты ўнёсак» атрымаў ад Уладзіміра Пуціна медаль у гонар далучэння Крыма да Расіі.
Цяпер ён пачаў праяўляць інтарэс і да Беларусі, заснаваўшы рух, які ставіць галоўнай мэтай аб'яднанне Беларусі і Расіі. У яго ўвайшлі прарасійскія дзеячы, падтрымалі ўсё гэта і асобныя святары Беларускага экзархату РПЦ.
Другі сход арганізацыі адбыўся ў Гродне.
«Нашы імкненні зразумелыя і шчырыя. Мы хочам садзейнічаць далейшаму ўмацаванню Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Захад прадпрымае тытанічныя намаганні па расколе ўсходніх славян, нацкоўванні іх адзін на аднаго. Захаду выгадна паслабленне славянства і разбурэнне праваслаўных асноў нашай агульнай прасторы», — цытуюць Бабурына ягоныя сайты.
«Наш рух мае намер зрабіць унёсак у спыненне задумаў Захаду. Мы заклікаем людзей стаць адзіным фронтам супраць разбуральных планаў ЗША і іх еўрапейскіх саюзнікаў», — сказаў ён.
Больш дэталяў не паведамляецца, спіс удзельнікаў «Саюз» таксама не афішуе. Але вядома, што, апроч Бабурына, прысутнічалі і іншыя грамадзяне Расіі. Напрыклад, праваслаўны актывіст Кірыл Фралоў, вядомы заклікамі пісаць у спецслужбы на тых, хто негатыўна адукаецца пра праваслаўных епіскапаў або Уладзіміра Пуціна.
Адметна, што гэтым разам сход «Саюза» наўпрост вырашыў заявіць пра сваё існаванне ўладам, адправіўшы Аляксандр Лукашэнку ліст з прапановай зрабіць 17 верасня дзяржаўным святам у Беларусі. Нагода — аб'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі ў 1939 годзе.
Цікава таксама, што Бабурына запрасілі на гутарку ў студыю «Спутніка», — пракрамлёўскага агенцтва, якое мае прадстаўніцтва ў Беларусі.
Вядучы — адзін з кіраўнікоў «Песняроў» Вячаслаў Шарапаў — распытваў Бабурына пра ягоны «Саюз».
«Чаму Саюзная дзяржава ніяк не запрацуе?» — цікавіўся Шарапаў.
«З’явілася нацыянальная буржуазія ў Беларусі і Расіі, яны не могуць састыкаваць свае інтарэсы і баяцца згубіць ад таго, што ўзнікне рэальная саюзная дзяржава…», — тлумачыў Бабурын.
Але вядучы натхнёна перабіваў яго словы: «Такое вось паўнавартаснае ўтварэнне са сцягам, з гімнам, з вобразам будучыні….».
«Дзе будзе адзіная мытня, адзіная пагранічная служба, падатковая сістэма…», — развіваў фантазіі Бабурын.
У гэтай жа гутарцы ён заявіў, што пакуль што не збіраецца рэгістраваць свой рух афіцыйна.
Варта нагадаць, што за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі» у свой час пацярпелі многія дэмакратычныя рухі.
Арцём Гарбацэвіч, «Наша Ніва»