У Акцябрскім судзяць блогера за «назойлівае прыставанне» да старшыні сельсавета
У судзе Акцябрскага раёна разглядаецца адміністрацыйны пратакол у дачыненні да мясцовага блогера, стваральніка папулярнай суполкі «Рудабельская паказуха» ў сацыяльнай сетцы Андрэя Павука.
У пратаколе па артыкуле дробнае хуліганства паказана, што Павук «беспадстаўна, з хуліганскіх меркаванняў, назойліва, неаднаразова чапляўся да Тамары Караль, патрабаваў ад яе адказы на свае пытанні». «Пацярпелая» ад дзеянняў блогера — старшыня Любанскага сельскага савета Тамара Караль.
Андрэй Павук планаваў уладкавацца на працу настаўнікам біялогіі і хіміі ў Любанскую школу, а старшыня мясцовага сельсавета ініцыявала ліст ад жыхароў вёскі ў аддзел адукацыі з просьбай не браць блогера на працу з-за яго «дзейнасці».
— Я наведаў сельскі савет і спытаў у Тамары Караль, што яна мае на ўвазе пад тым, якая мая дзейнасць не падабаецца ёй. А яна пасля маіх пытанняў звярнулася ў міліцыю, нібыта я назойліва чапляўся да яе, — патлумачыў блогер.
У судзе Караль заявіла, што сваімі пытаннямі Павук перашкаджаў працаваць супрацоўнікам сельсавета, а пад «дзейнасцю» мела на ўвазе суполку «Рудабельская паказуха».
— Туды ўсе ходзяць, а адтуль негатыў выплывае. Калі б хаця б там было 50 на 50 негатыву, я б яшчэ згаджалася. Мяне не задавальняе яго дзейнасць як чалавека, як маці, — заявіла на судзе Караль. Яна паўтарыла, што наведвальнік паводзіў сябе «назойліва» і «занудліва», перашкаджаў працаваць бухгалтару ў суседнім кабінеце.
Бухгалтар Вольга Руднік заявіла, што пры наведванні сельсавета ў Павука былі «культурныя паводзіны», але яго візіт «напружыў усіх на працоўным месцы».
— Яго прысутнасць перашкаджала працоўнаму працэсу. Я павінна што? Сядзець у напружанні і чакаць, што ён пачне нас здымаць? І калі ён пайшоў — мы не маглі выконваць свае абавязкі, бо яго прыход ўсіх нас расхваляваў! — падкрэсліла на судзе бухгалтар.
Блогер не прызнае сябе вінаватым.
— Чынушы нашы забыліся для чаго і для каго яны працуюць. Ціснуць сваім аўтарытэтам, вырашаюць за нас. Наогул Тамара Караль, карыстаючыся службовым становішчам, стварыла ў людзей мой негатыўны вобраз — можна падаваць сустрэчны пазоў, — пракаментаваў Павук.
Рашэнне плануецца вынесці 1 сакавіка.
Гэта не першы падобны суд у Акцябрскім, калі чыноўнікі крыўдзяцца на грамадзян, якія задаюць пытанні, і падаюць у суд.
На мінулым тыдні за «прыставанне да грамадзянаў» суд аштрафаваў на 15 базавых велічыняў (345 рублёў) лідэра «Маладых дэмакратаў» Алену Луцковіч. Луцковіч і Павук праводзілі на вуліцы апытанне для суполкі «Рудабельская паказуха» і задалі мінакам пытанне аб сумленнасці і справядлівасці беларускіх выбараў. Яны спыталі пра якасць беларускіх выбараў і чыноўнікаў з райвыканкама, якіх сустрэлі на вуліцы. Тыя расцанілі пытанне як «назойлівае прыставанне» і звярнуліся ў міліцыю. Супрацоўнікі райвыканкама на судзе паказалі, што Луцковіч чаплялася да іх, чым парушыла «эмацыйны спакой», з-за чаго чыноўнікі не змаглі выконваць свае службовыя абавязкі. Суд прызнаў актывістку вінаватай у дробным хуліганстве.
Раней кіраўніца справамі Акцябрскага райвыканкама Валянціна Шлапакова падавала пазоў у суд за абразу ў дачыненні да гомельскага журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага, які назваў яе «рабом». Але суд не стаў прыцягваць журналіста да адказнасці і вынес рашэнне, што слова «раб» не з'яўляецца абразай.
Паводле belapan.by