У Курапатах плануюць правесці «Дзень памяці пра генацыд» з нагоды 30-годдзя адкрыцця праўды пра расстрэлы

3 чэрвеня сёлета спаўняецца 30 гадоў, як свет даведаўся пра масавыя сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі. 3 чэрвеня 1988 году ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў надрукаваны артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці»., паведамляе «Радыё Свабода».

bez_nazvanija__6__1.jpg


Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ падала ў Мінаблвыканкам заяву на правядзенне мітынгу-рэквіему «Дзень памяці пра генацыд».
Як патлумачыў Свабодзе кіраўнік грамадскай дырэкцыі мемарыялу Курапаты, адказны сакратар управы сойму КХП БНФ Алесь Чахольскі, плануюцца мітынг каля Крыжа Пакуты, выстава фотаматэрыялаў і дакументаў на пераносных стэндах, мемарыяльная музыка, чытанне на курапацкай Галгофе вершаў расстраляных паэтаў.
Алесь Чахольскі спадзяецца, што ў жалобнай імпрэзе возьмуць удзел людзі, якія разам з адкрывальнікам Курапатаў Зянонам Пазняком даносілі праўду пра расстрэлы ў Курапатах, людзі, якія спрычыніліся да стварэння Крыжа Пакуты, Абразу Божай маці Курапацкай усіх расстраляных.
«Плануецца шырокае мерапрыемства. Чакаем ад уладаў дазволу. Гэта не камерцыйнае, а сапраўды патрыятычнае мерапрыемства, каб успомніць пра расстраляных, бо такіх малых і вялікіх Купрапатаў па ўсёй Беларусі вельмі шмат», — дадае Чахольскі.