У камеры Мікалая Статкевіча правялі начны ператрус
Пасля працяглага перапынку ў ліставанні Марына Адамовіч атрымала адразу два лісты ад свайго мужа, палітвязня Мікалая Статкевіча. З гэтых лістоў жонка палітвязня даведалася пра новыя спробы ціску на палітыка:
«У аўторак адвакат сказаў мне, што яму тут паведамілі пра мой нібыта намер падаць кучу скаргаў. Я сказаў адвакату, што сапраўды такі намер быў, бо цягам паўтара
месяца якасць харчавання значна пагоршылася, але што я паспрабаваў гэтую праблему вырашыць без скандалаў і, хоць і вельмі марудна, нібыта пытаньне вырашылася. Таму, маўляў,
ніякіх скаргаў пісаць ужо не збіраюся. Але, мабыць у знак удзячнасці за гэта, у той жа дзень ноччу, упершыню на маёй памяці тут, у камеры быў
зроблены вельмі працяглы, на паўтары гадзіны, ператрус. А сёння на вячэру зноў далі вараную смярдзючую кільку, ад якой, мабыць, зверафэрмы адмовіліся. Па-нармальнаму
тут немагчыма».
У другім лісце Мікалай Статкевіч выказаўся наконт словаў міністра замежных спраў Уладзіміра Макея адносна арыштаваных за Плошчу, сказаных у нядаўнім
інтэрвію польскаму выданню:
«Там ён казаў пра людзей, якія, цытую, „былі зьняволеныя за спробу штурму Дома ўраду“ і зараз ня хочуць напісаць
прашэньне аб памілаваньні, каб выйсьці на волю. Але ж з такіх асобаў у зняволенні застаўся адзін я, а астатнія палітвязні сядзяць паводле іншых
прычын. Атрымліваецца, што афіцыйныя асобы называюць мяне ў множным ліку. Аднак гэта мяне не зьдзіўляе. Недарэмна ж гэты называў мяне ворагам дзяржавы нумар
адзін», — цытуе Марына Адамовіч апошні ліст Мікалая Статкевіча.
Паводле www.svaboda.org