У Мінску адбудуцца пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў і Савета міністраў замежных спраў СНД
10 кастрычніка ў Мінску пад старшынствам Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца пасяджэнне Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці.
Як паведамляе прэс-служба Выканаўчага камітэта СНД, на парадку дня саміта 17 праектаў дакументаў, скіраваных на далейшае развіццё міждзяржаўнага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, у сферы забеспячэння бяспекі і іншых.
Адным з найбольш значных дакументаў з'яўляецца праект звароту кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці да народаў краін СНД і сусветнай грамадскасці ў
сувязі з 70-й гадавінай Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчынай вайне 1941–1945 гадоў.
У праекце падкрэсліваецца, што 70-я гадавіна Перамогі з'яўляецца свяшчэнным днём, адной з самых значных і шанаваных дат, якая сімвалізуе самаахвярнасць і гераізм у імя
абароны свабоды і незалежнасці, ратавання чалавецтва ад пагрозы фашысцкага рабства. Зазначаецца, што ў суровыя гады вайны ярка праявіліся непарушная дружба і найвышэйшы
патрыятызм народаў, якія заваявалі ў адзіным страі агульную Перамогу.
Зварот заклікае свята шанаваць памяць пра загінулых у барацьбе супраць фашызму, праяўляць пастаянны клопат пра захаванне і падтрыманне ў належным стане воінскіх пахаванняў, мемарыяльных комплексаў, помнікаў і абеліскаў, а таксама магіл партызан, падпольшчыкаў і вязняў фашысцкіх лагераў, працягваць пошук астанкаў воінаў і мірных грамадзян, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Указваецца, што нашым абавязкам з'яўляецца працяг усебаковых клопатаў пра здароўе франтавікоў і працаўнікоў тылу. Акцэнтуецца неабходнасць выхоўваць у маладога пакалення пачуцця гонару за вялікі подзвіг нашых народаў у барацьбе з фашызмам. У праекце ўтрымліваецца заклік да краін і народаў свету рашуча супрацьдзейнічаць спробам гераізацыі нацысцкага руху, рэанімацыі ідэалогіі фашызму, распаўсюджвання ксенафобіі і расізму.
Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў прымуць рашэнне аб рэалізацыі ў 2015 годзе міждзяржаўнай праграмы "Культурныя сталіцы Садружнасці" ў Расіі і Таджыкістане, аб'явіўшы
гарады Варонеж і Куляб культурнымі сталіцамі Садружнасці ў 2015 годзе.
На маючым адбыцца саміце плануецца аб'явіць 2016 год Годам адукацыі ў СНД.
У сферы бяспекі прапаноўваецца, у прыватнасці, разгледзець праекты дакументаў, што рэгламентуюць супрацоўніцтва ў захаванні і ўмацаванні міжнароднай сістэмы кантролю над наркотыкамі,
у супрацьдзеянні незаконнай міграцыі і гандлі людзьмі, рэалізацыі ўзгодненай пагранічнай палітыкі на прасторы Садружнасці.
Кіраўнікі дзяржаў прааналізуюць ход выканання плана асноўных мерапрыемстваў па рэалізацыі канцэпцыі далейшага развіцця Садружнасці, абмяркуюць ролю Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў —
удзельніц СНД у развіцці міжрэгіянальнага супрацоўніцтва.
У сферы прававога забеспячэння дзейнасці Садружнасці асобным блокам мяркуецца разглезець пытанні аб інвентарызацыі дагаворна-прававой базы СНД у межах Адзінага рэестра прававых актаў
і іншых дакументаў СНД.
9 кастрычніка ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пад старшынствам міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея адбудзецца пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў СНД, падчас якога
кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў краін Садружнасці папярэдне абмяркуюць шэраг дакументаў, што ўносяцца на разгляд СКД.
Апрача таго, на парадку дня пасяджэння СМЗС значацца праекты Плана прыярытэтных мерапрыемстваў у сферы гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД на
2015—2016 гады і плана мерапрыемстваў на 2015—2017 гады па рэалізацыі стратэгіі развіцця супрацоўніцтва дзяржаў — удзельнікаў Садружнасці ў сферы турызму на
перыяд да 2020 года.
Будзе таксама разгледжана пытанне аб наданні статусу базавых арганізацый дзяржаў — удзельніц СНД у сферы захавання і аднаўлення пісьменнай спадчыны, прафесійнай адукацыі па кірунку
"кіно", у сферы музыкі і адукацыі, у сферы культуры і мастацтва, па кірунку "музейная справа", у сферы музычна-тэатральнай справы.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН