Улады даспелі да «карты беларуса»? Атрыманне віду на жыхарства для грамадзян Прыбалтыкі і Польшчы спросцяць

У Беларусі могуць спрасціць атрыманне віду на жыхарства для грамадзян Латвіі, Літвы, Эстоніі і Польшчы

Беларускія ўлады вырашылі «прапрацаваць» пытанне спрошчанага атрымання віду на жыхарства прыбалтыйцам і палякам з беларускімі каранямі. Пра гэта піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на прэс-службу МУС.

«Гэта створыць больш спрыяльныя ўмовы для ўезду, доўгатэрміновага знаходжання і інтэграцыі грамадзян гэтых краін у нашай рэспубліцы», — лічаць у МУС.

Варта згадаць, што з 15 красавіка 2022 года Беларусь вырашыла арганізаваць бязвізавы парадак уезду для грамадзян Латвіі і Літвы, з 1 ліпеня — для палякаў. Сцвярджаецца, што за гэты час па бязвізе Беларусь наведалі ўжо 164 тысяч замежнікаў з суседніх еўрапейскіх краін.

«Адначасова ўзрасла колькасць зваротаў у падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў па пытаннях пастаяннага пражывання ў Беларусі. Асабліва з боку замежнікаў, якія маюць беларускія карані», — патлумачыў ініцыятыву першы намеснік начальніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Віталь Навумчык.

У МУС сказалі, што гаворка ідзе пра людзей, якія раней знаходзіліся ў беларускім грамадзянстве, маюць падставы для яго набыцця ў парадку рэгістрацыі, з'яўляюцца беларусамі або ідэнтыфікуюць сябе з імі, іх нашчадкамі. Цяпер МУС «прапрацоўвае пытанне аб спрашчэнні працэдуры выдачы віду на жыхарства грамадзянам Латвіі, Літвы, Эстоніі і Польшчы, якія маюць беларускія карані». У тым ліку прадугледжваецца скарачэнне тэрміну адміністрацыйнай працэдуры да аднаго месяца.


Між тым, як пісаў НЧ, з Беларусі працягваюць з'язджаць грамадзяне. Толькі са жніўня 2020 года па канец чэрвеня 2022 года Польшча выдала беларускім грамадзянам амаль 356 тысяч віз. Гэта параўнальна з насельніцтвам абласнога цэнтра. Цяпер у Польшчы ўжо жыве 50 505 беларусаў з відам на жыхарства.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,
Больш цікавага на «Новым Часе»: