Уладзімір Ганчарык: у гэтым годзе мы ўбачым змену ўлады
Да вясны сітуацыя ў Беларусі абвострыцца, сказаў «Салідарнасці» былы старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі і адзіны кандыдат ад апазіцыі на выбарах 2001 года.
Аб двух фактарах, якія стрымліваюць праяву пратэстных
настрояў
— Думаю, пратэстныя настроі ў грамадстве не толькі
захоўваюцца, але і ўзмацняюцца, — распавёў Уладзімір Ганчарык «Салідарнасці». — Але мы пакуль гэтага не бачым, бо яны з аднаго
боку стрымліваюцца сілавымі метадамі ўлады, а з другога — сітуацыяй з кавідам.
Шмат людзей хварэе, насельніцтва заклапочана, перш за ўсё,
гэтай праблемай. Практычна ўсе ў маім асяроддзі або перахварэлі, або хварэюць.
Але, думаю, да вясны гэта пройдзе і палітычны крызіс у краіне абвострыцца.
Спроба захаваць статус-кво ў інтарэсах аднаго чалавека праз
Усебеларускі народны сход нічога не дасць, палітычны крызіс гэта не дазволіць.
Аб настроях сярод чыноўнікаў
— Ведаю некаторых кіраўнікоў і чыноўнікаў, таму магу меркаваць пра настроі ў іх асяроддзі. Безумоўна, ёсць людзі, якія думаюць і жадаюць
пераменаў.
Але шмат тых, хто будзе падтрымліваць Лукашэнку і далей.
Большасць будзе выконваць каманды зверху, якімі б яны ні былі. Створаная
цэнтралізаваная аўтарытарная сістэма, якая не даруе нічога. Дастаткова
паглядзець на дзеянні ўлады ў дачыненні да некаторых былых паслоў, якія
праявілі грамадзянскую адказнасць. Іншыя робяць з гэтых выпадкаў высновы,
баючыся за сваю кар'еру і сям'ю.
Ёсць і трэцяя катэгорыя людзей. Для іх галоўнае, каб было
спакойна. Многія з іх галасавалі на прэзідэнцкіх выбарах супраць Лукашэнкі, але
яны баяцца, што можа праліцца кроў.
Аб тым, хто можа пераканаць Лукашэнку падаць у адстаўку
— Ці можа ў такой сітуацыі змена ўлады адбыцца мірна? Я
лічу, што так. Артыкулы 87 і 89 Канстытуцыі (прэзідэнт можа ў любы час падаць у
адстаўку, яна прымаецца Палатай прадстаўнікоў, паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы
да прынясення прысягі зноў абраным прэзідэнтам пераходзяць да прэм'ер-міністра)
дазваляюць гэта зрабіць.
Паглядзім, якую ролю згуляюць знешнія сілы. Хоць я ў прынцыпе
супраць эканамічных санкцый. Гісторыя паказвае, што амаль нідзе яны не далі
выніку ў выглядзе звяржэння дыктатара, а толькі негатыўна адбіваліся на
становішчы простых людзей.
У нашай усходняй суседкі ёсць іншыя магчымасці. Думаю, можна
пераканаць таварыша, што яго час сышоў. Тыя, хто зацікаўлены ў стабільнасці
Беларусі, павінны зрабіць канкрэтныя крокі.
Я прагназую, што змена ўлады павінна адбыцца ў 2021 годзе. Усе перадумовы для гэтага ёсць.
Спадзяюся ўбачыць перамены да лепшага і рэалізацыю на практыцы першай артыкула Канстытуцыі, якая абвяшчае, што Беларусь — гэта дэмакратычная, прававая, сацыяльная дзяржава.