Ваенны эксперт Ягор Лебядок: Ствараюцца добрыя перадумовы да фармавання Балта-Чарнаморскага вайсковага саюза

Ваенны эксперт разважае ў сваім тэлеграм-канале пра цяперашні крызіс на беларускай мяжы і пра яго магчымыя наступствы.

Ягор Лебядок. Фота: vk.com

Ягор Лебядок. Фота: vk.com


За ўвесь перыяд крызісу з мігрантамі на беларускай мяжы дапамога НАТА Польшчы, Літве і Латвіі заключалася толькі ў адпраўцы ў Літву невялікай спецыяльнай групы па супрацьдзеянні гібрыдным пагрозам (не салдатаў узброеных, а аналітыкаў і да т. п.), а таксама ў выражэнні занепакоенасці. Менавіта такім, адкрыта нязначным падыходам не задаволены прэм'ер Польшчы Маравецкі, які хоча ініцыяваць арт. 4 дамовы NATO: «Паколькі ўжо недастаткова толькі, каб мы публічна выказвалі сваю занепакоенасць. Цяпер патрэбныя ўжо канкрэтныя крокі і ўмяшанне ўсяго альянсу». Артыкул 4 дамовы НАТА абвяшчае, што «дагаворныя бакі заўсёды будуць кансультавацца адзін з адным у выпадку, калі, на думку якога-небудзь з іх, тэрытарыяльная цэласнасць, палітычная незалежнасць ці бяспека якога-небудзь з дагаворных бакоў акажуцца пад пагрозай». Фактычна, гэта спроба Польшчы, а таксама Літвы і Латвіі, вывесці дыялог з краінамі НАТА на новы, больш значны і прадметны ўзровень.
Аднак, мяркую, што на бліжэйшы час канфлікт будзе вырашацца ў палітычным полі па лініі Еўрасаюза як гуманітарны, а не як ваенны або «гібрыдны». Гэта значыць без задзейнічання NATO, ва ўсялякім выпадку — не на сур'ёзным узроўні ці не цяпер.
Калісьці Лукашэнка спрабаваў падаваць Беларусь як донара бяспекі. Цяпер ён ператварыў яе ў крыніцу небяспекі. Спроба прымусіць ЕС да дыялогу і прызнання яго ўлады ў Беларусі зараз можа мець іншы эфект. Слабая дапамога НАТА і не заўсёды адэкватны адказ з боку ЕС на бягучы крызіс стымулявалі неабходнасць самастойнага пазаблокавага нарошчвання абаронных мер у краінах, якія мяжуюць з Беларуссю. Польшча перамясціла да нашых межаў войскі, Латвія праводзіць вучэнні і рыхтуе сілы, Літва не асабліва аслабляла ўзмацненне, Украіна прымае меры па забеспячэнні памежнай бяспекі, падцягвае войскі і ўзмацняе тэрытарыяльную абарону, а эстонцы рыхтуюць меры процідзеяння аналагічнаму крызісу на мяжы з Расіяй.
Паколькі за «спінай» Беларусі стаіць Расія, то краіны Балтыі і Польшча разумеюць, што для забеспячэння іх бяспекі адзіночных захадаў можа не хапіць. І ў святле слабой аператыўнасці НАТА наступны лагічны крок — кансалідацыя і ваеннае супрацоўніцтва паміж краінамі Балтыі, Польшчы і Украіны. Наўрад ці гэты фактар улічваўся ў палітыцы эскалацыі для прымусу ЕС да дыялогу, паколькі дзеянні гэтых краін прадыктаваныя воляй урадаў дзяржаў, зыходзячы з мэты хуткага забеспячэння бяспекі сваёй краіны, па-за агульнай палітыкай ЕС і еўрапейскай бюракратыі. Г. зн. нават дыялог Лукашэнкі з ЕС не факт што спыніць узмацненне захадаў абароны ў гэтых краінах і цікавасць да кансалідаваных дзеянняў у сферы бяспекі (г. зн. ствараюцца добрыя перадумовы да фармавання Балта-Чарнаморскага вайсковага саюза, без Беларусі, вядома)
Такім чынам, Беларусь атрымлівае ўзмацненне ваеннай прысутнасці з усіх бакоў. Гэта будзе стымуляваць мысленне Лукашэнкі, яго прыхільнікаў пры ўладзе і рыторыку беларускай прапаганды ў духу варожасці Захаду і планаў па захопе Беларусі, а таксама прымушаць іх да нейкіх захадаў у адказ на гэта (і далей па коле). Рэсурсаў для апошняга ў Лукашэнкі няшмат: перакрываць газ, перанакіроўваць таварапатокі і перакрываць транспартны калідор не асабліва атрымаецца, таму што гэта ўцягне ў канфлікт трэція краіны. Таму адказам могуць аказацца альбо серыя адносна малых інцыдэнтаў (перш за ўсё прамалінейных сілавых, уключаючы своеасаблівае прымяненне нормаў міжнароднага права і заканадаўства), альбо ўзмацненне расійскага вайсковага складніка на тэрыторыі Беларусі, што мы і назіраем. Тым самым Беларусь з «донара бяспекі» можа ператварыцца ў зону пастаянна ўзнікаючай эскалацыі паміж Захадам, Украінай і Расіяй, прычым гэта будзе выкарыстоўвацца незалежна ад інтарэсаў Беларусі і нават самога Лукашэнкі.