Каб не было пагардлівага «спадар Лукашэнка». Нямецкае выданне «Bild» апублікавала дэталі размовы Меркель з Лукашэнкам
Нямецкае выданне «Bild» апублікавала дэталі размовы, якая адбылася ў панядзелак паміж выканаўцай абавязкаў канцлера Германіі Ангелай Меркель і Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе «Радыё Свабода».
![Ангела Меркель. AP Photo / Markus Schreiber Ангела Меркель. AP Photo / Markus Schreiber](/img/v1/images/1601336708_0_0_3071_2047_1440x900_80_0_1_7cd572f6c9ea11bb938fcd371cc7155a.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ангела Меркель. AP Photo / Markus Schreiber
«Bild» спасылаецца на ўласныя крыніцы і дае наступныя пункты, якія нібыта назваў у размове Лукашэнка:
- яго прызнанне прэзідэнтам — каб не было проста пагардлівага «спадар Лукашэнка» (менавіта так называлі Лукашэнку ў прэс-рэлізе нямецкага ўрада па выніках размовы;
- зняцця санкцый Еўрасаюза супраць яго краіны пасля фальсіфікацыі выбараў, гвалту і катаванняў супраць народа і пасля ўгону самалёта «Ryanair», з якога ён выкраў блогера;
- каб ЕС (асабліва Германія) забраў палову мігрантаў, якіх ён прывёз у краіну, каб адправіць іх у Еўрасаюз і дэстабілізаваць Захад;
- фінансавая дапамога для экстраных прытулкаў і дамоў для ўцекачоў, бо ён баіцца яшчэ большай хвалі бежанцаў з Афганістана праз Беларусь у Еўрасаюз;
Меркель, паводле інфармацыі «Bild», захоўвала жорсткую пазіцыю, «але паабяцала дыктатару вывучыць розныя рэчы і абмеркаваць іх з кіраўнікамі дзяржаў ЕС».
Выданне адзначае, што можна было б гаварыць пра прыём некаторых мігрантаў, калі Лукашэнка забяспечыць, каб астатніх мігрантаў даставілі назад у родныя краіны, і здыме ціск з памежнай агароджы з Польшчай.
Паводле інфармацыі «Bild», Меркель таксама цалкам не выключыла ўскосную фінансавую дапамогу на будаўніцтва жылля для ўцекачоў.
Прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла «РИА Новости», што Лукашэнка не абмяркоўваў з Меркель санкцыі і «прызнанне».
«Было б ніжэй за годнасць прэзідэнта Лукашэнкі ўздымаць падчас размовы падобныя пытанні ці высоўваць падобныя ўмовы. Аніводнага слова пра санкцыі і тым больш пра нейкае „прызнанне“ падчас размоў сказана не было», — заявіла Эйсмант.