Адмаўляюць цэлымі краінамі. Узбекістан забараніў авіятранзіт грамадзян з шэрагу краін у Беларусь
Узбекістан часова забараніў авіятранзіт грамадзян з краін Блізкага Усходу ў Беларусь.
![de49f6f1_d4fc_4d0e_8356_a0065eee9d0e_cx16_cy12_cw74_w1200_r1.jpg de49f6f1_d4fc_4d0e_8356_a0065eee9d0e_cx16_cy12_cw74_w1200_r1.jpg](/img/v1/images/de49f6f1_d4fc_4d0e_8356_a0065eee9d0e_cx16_cy12_cw74_w1200_r1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Часовая забарона на авіятранзіт для грамадзян Ірака, Сірыі, Афганістана, Емена, Лівана, Лівіі ў Беларусь праз тэрыторыю Узбекістана ўведзеная з 17 лістапада, заявіў РИА Новости у сераду прадстаўнік агенцтва «Узавіяцыя».
«Пачынаючы ад 17 лістапада ўводзяцца часовыя абмежаванні для транзітных пасажыраў грамадзян Ірака, Сірыі, Емена, Лівана, Лівіі і Афганістана для ўезду на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь праз Рэспубліку Узбекістан», — сказаў прадстаўнік «Узавіяцыі».
Паводле яго слоў, авіякампаніі, якія выконваюць рэйсы з тэрыторыі Узбекістана ў Беларусь, павінны часова ўвесці абмежаванні па продажы авіябілетаў для грамадзян названых краін.
«Часовае абмежаванне не тычыцца ўладальнікаў дыпламатычных пашпартоў і грамадзян вышэйзгаданых краін, якія маюць від на жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь», — дадалі ў кампаніі.
На мяжы Беларусі і Польшчы ў апошнія тыдні абвастрылася абстаноўка з-за вялікай колькасці мігрантаў, якія спадзяюцца трапіць у краіны ЕС. Польскія ўлады ўзмацнілі ахову межаў, сцягнулі ваенных і спыняюць спробы людзей пранікнуць на тэрыторыю краіны, абвінавачваючы Мінск у міграцыйным крызісе. Сярод мігрантаў, што апынуліся ў Беларусі, ёсць грамадзяне Ірака, Сірыі і Емена.
Прадстаўнік прэс-службы Еўракамісіі Стэфан дэ Кеерсмакер на брыфінгу ў Брусэлі раней паведаміў, што ЕС кантактуе з шэрагам авіякампаній, якія, на думку ЕС, маглі перавозіць мігрантаў. Пазней стала вядома, што шэраг авіякампаній, у тым ліку турэцкія Turkish Airlines, не будуць прымаць на рэйсы ў Мінск грамадзян Ірака, Сірыі і Емена. Сірыйскія Cham Wings Airlines прыпынілі палёты ў Беларусь. Іракскія ўлады абвясцілі, што ў бліжэйшы час пачнуць на добраахвотнай аснове вяртанне сваіх грамадзян з Беларусі. Беларуская авіякампанія «Белавія» паведамляла, што паводле пастановы ўладаў Турцыі з 12 лістапада не прымае на рэйсы з гэтай краіны ў Беларусь грамадзян Ірака, Сірыі, Емена і Афганістана.