Анджэй Дуда: Польшча не прызнае дамоўленасцяў паміж Германіяй і Беларуссю «цераз сваю галаву»
Польшча не прызнае дамоўленасцяў Германіі з Беларуссю на тэму міграцыйнага крызісу «цераз сваю галаву», заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў сераду ў Падгорыцы.
Дудзе было зададзена пытанне пра яго стаўленне да таго, што канцлер Германіі Ангела Меркель нядаўна звязвалася з Лукашэнкам і прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным для таго, каб абмеркаваць міграцыйны крызіс на мяжы, піша Беларускі партызан.
«Я сказаў прэзідэнту (Германіі Франку-Вальтэру Штайнмаеру), што Польшча не прызнае ніякіх дамоўленасцяў, якія будуць дасягнуты, як гаварыцца, цераз нашу галаву», — адказаў Дуда.
«Калі гаворка ідзе пра якія-небудзь дамоўленасці, якія павінны быць абавязковымі для Польшчы і польскіх уладаў, або пра тыя, якія польскія ўлады павінны тым ці іншым чынам выконваць, то гэта будуць дамоўленасці, дасягнутыя намі выключна ў тых фарматах, у якіх мы непасрэдна прымаем удзел, у якіх Польшча прадстаўлена на адпаведным узроўні», — дадаў ён.
«Таму ніякіх іншых дамоўленасцяў мы не прызнаем і не будзем выконваць. Мы не будзем рабіць нічога, што ўзгоднена за нашымі спінамі. Мы — суверэнная дзяржава, якая мае права вырашаць самастойна», — сказаў польскі прэзідэнт.
Па словах Дуды, прэзідэнт Германіі Штайнмаер растлумачыў яму, што ў размовах з Лукашэнкам і Пуціным Меркель толькі выказала «цвёрдую пазіцыю» Германіі ў дачыненні да міграцыйнага крызісу. «Прэзідэнт сказаў, што размова Мэркель як з Пуціным, так і з Лукашэнкам (што мяне здзівіла, бо раней ніхто з сур'ёзных лідараў з Лукашэнкам не размаўляў) тычыліся толькі прадстаўлення цвёрдай пазіцыі Германіі, якая заснаваная на тым, што яны павінны адмовіцца ад нападаў на мяжу, перастаць генераваць гэты крызіс, гэты гібрыдны напад», — сказаў польскі прэзідэнт.