Санкцыі не працуюць? Бразілія хоча павялічыць пастаўкі калію з Расіі замест Беларусі

Бразілія хоча абмеркаваць павелічэнне паставак угнаенняў з Расіі, паведаміла міністр сельскай гаспадаркі Бразіліі Тэрэза Крысціна да Коста.

870063.jpg


Паводле яе слоў, гэта звязана з тым, што ўвядзенне новых санкцый супраць Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам можа прывесці да перабояў з пастаўкамі і падаражэння ўгнаенняў, піша Беларускі партызан.

Рост кошту калійных угнаенняў можа справакаваць харчовую інфляцыю ў Бразіліі, якая ў апошнія месяцы знаходзіцца ў стане высокага росту коштаў.

«Мы гаварылі з Беларуссю. Мы едзем у Расію, каб паглядзець, ці ўдасца нам дамагчыся большага памеру паставак, чым у нас ёсць сёння, на выпадак калі будзе неабходна кампенсаваць (пастаўкі)», — сказала Тэрэза Крысціна ды Коста ў інтэрв'ю газеце Estado de São Paulo.

Раней афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента Нэд Прайс папярэдзіў, што ЗША ў каардынацыі з ЕС рыхтуюць новы пакет санкцый у дачыненні да беларускіх уладаў у сувязі з міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы.

Напачатку зімы пачне дзейнічаць папярэдні пакет санкцый ЗША, якія таксама абмяжоўваюць пастаўкі беларускага калію па свеце.

У цяперашні час доля беларускіх паставак на рынку ўгнаенняў Бразіліі складае каля 20%. Паездка міністра сельскай гаспадаркі Бразіліі ў Расію павінна адбыцца ў бліжэйшыя дні.