ЗША рыхтуюць новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі ў цеснай каардынацыі з ЕС і іншымі партнёрамі і саюзнікамі. Пра гэта 15 лістапада на штодзённым брыфінгу для журналістаў заявіў прэс-сакратар Дзярждэпа ЗША Нэд Прайс.

ned_prajs.jpg

«Мы глыбока занепакоеныя бесчалавечнымі дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі і рашуча асуджаем яго бяздушную эксплуатацыю і прымус уразлівых людзей і бесчалавечнае садзейнічанне нелегальным міграцыйным патокам праз яго межы. Наколькі я разумею, ЕС у панядзелак абвясціў новы санкцыйны пакет, які можа прымяняцца да сітуацыі ў Беларусі. Мы таксама рыхтуем наступныя санкцыі ў цеснай каардынацыі з ЕС і іншымі партнёрамі і саюзнікамі, якія будуць працягваць прыцягваць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за бесперапынныя атакі на дэмакратыю, правы чалавека і міжнародныя нормы», — сказаў прадстаўнік Дзярждэпа.

Ён заклікаў рэжым у Мінску неадкладна спыніць сваю кампанію па арганізацыі патокаў нелегальных мігрантаў праз межы ў Еўропу.

«Пакуль рэжым не выконвае свае абавязацельствы, пакуль падрывае мір і стабільнасць сваіх суседзяў і ўсяго кантынента, пакуль працягвае душыць свой уласны народ і саджаць у турмы палітвязняў, мы будзем узмацняць, а не аслабляць ціск на рэжым Лукашэнкі. Гэта важна для іх гэтак жа, як важна для нас. І мы працягнем каардынаваць нашы дзеянні па гэтым пытанні», — адзначыў Прайс.

Прадстаўнік Дзярждэпа таксама пракаментаваў магчымае пасярэдніцтва Расіі паміж Беларуссю і ЕС ва ўрэгуляванні міграцыйнага крызісу.

«Медыяцыя — гэта не тое, што патрабуецца ў беларускім выпадку. Што трэба — гэта каб рэжым усвядоміў наступствы за інструменталізацыю міграцыйных плыняў у Еўропу, ператварэнне іх у зброю, рэпрэсіі ў дачыненні да палітычных праціўнікаў і іншыя тыпы паводзінаў рэжыму Лукашэнкі, на якія Масква ўплывае. Масква мае такі ўплыў на рэжым Лукашэнкі, які, напэўна, ніхто больш не мае. Таму я, вядома, толькі б вітаў, калі б Масква выкарыстоўвала свой уплыў, калі б гэта ўплыў быў канструктыўным і прадуктыўным. І калі б яна змагла растлумачыць рэжыму, што гэтыя дзеянні павінны быць спыненыя», — сказаў ён.

Паводле reform.by.