Памёр генерал Лапацік, дзякуючы рапарту якога стала вядома пра існаванне ў Беларусі «эскадронаў смерці»

Пра смерць Мікалая Лапаціка напісала ў сваім фэйсбуку Ірына Халіп.

lapacik211117_uu3cc.jpg


«Учора ў вайсковым шпіталі ад каронавіруса памёр генерал Лапацік. Цяперашнія дваццацігадовыя, магчыма, і не ведаюць, што быў такі міліцэйскі генерал, колішні начальнік крымінальнай міліцыі МУС Беларусі Мікалай Лапацік. Гэта дзякуючы яго рапарту дваццаць гадоў таму мы даведаліся пра расстрэльны пісталет, які выдаваўся напярэдадні выкраданняў апанентаў Лукашэнкі, і пра эскадрон смерці. Потым Лапаціка хутка адправілі ў адстаўку, але пакінулі ў жывых. І да ўчорашняга дня ён ціха жыў за высокім плотам дачы ў поўным маўчанні», — напісала журналістка.

Начальнік крымінальнай міліцыі, генерал МУС Мікалай Лапацік расследаваў знікненні палітычных апанентаў Лукашэнкі ў канцы дзевяностых. Дзякуючы яго рапарту стала вядома аб датычнасці да выкраданняў палітыкаў людзей з атачэння Лукашэнкі.

Больш за тое, пакаранні апазіцыянераў праводзіліся пры дапамозе расстрэльнага пісталета, які адзін з выканаўцаў «пазычаў» на Валадарцы.

У расследаванне справы ўмяшаўся асабіста Лукашэнка і зрабіў усё, каб яго замялі. Занадта актыўны, а таму нязручны для дыктатара генерал быў адпраўлены ў адстаўку.

У датычнасці да выкраданняў і забойстваў экс-кіраўніка ЦВК Віктара Ганчара, экс-міністра МУС Юрыя Захаранкі, прадпрымальніка Анатоля Красоўскага і аператара ОРТ Дзмітрыя Завадскага падазраюцца правая рука Лукашэнкі па «асаблівых даручэннях» Віктар Шэйман, Дзмітрый Паўлічэнка, а таксама генералы Навумаў і Сівакоў.