«А яшчэ я пагаварыў з адной мудрай жанчынай. Гэта поспех!»

Тэлеграм-канал Лісты да дачкі ва ўласцівай яму іранічнай манеры разважае, як і што беларускія ўлады выйгралі ў міграцыйным крызісе.

angela_merkel_5_things_to_know_ftr.jpg


Уяві сабе, толькі ўяві, што ты — гэта не ты, а нехта зусім іншы. Хтосьці, нікім не прызнаны і санкцыянаваны з розных бакоў (у інтарэсах дадзенага тэксту слова «санкцыянаваны» я буду ўжываць у няправільным значэнні: «які знаходзіцца пад дзеяннямі персанальных і сектаральных заходніх санкцый»). Вось табе ад усяго гэтага сумна і самотна, і ты скардзішся аднаму разумнаму чалавеку. А ён такі: «Завядзі мігрантаў».

І ты, вядома, абураны. Таму што гэта вельмі дзіўная парада. Ты і так нікім не прызнаны і санкцыянаваны з розных бакоў. У цябе хапае праблем, і табе зусім не патрэбныя новыя. І ты тлумачыш разумнаму чалавеку, што ты думаеш пра яго параду. «Навошта мне мігранты?», — пытаешся. А разумны чалавек адказвае: «А завядзі. Убачыш».

Ну, рабіць няма чаго. Раз разумны чалавек сказаў, дык ён, напэўна, ведае. Разумны чалавек проста так казаць не будзе. Вось заводзіш мігрантаў, жывеш з імі некалькі месяцаў і ўсё роўна не можаш зразумець: навошта яны табе былі патрэбныя. Ты па-ранейшаму нікім не прызнаны, санкцыянаваны з розных бакоў, але цяпер у цябе ёсць яшчэ і мігранты.

І з аднаго боку, цябе трошкі радуе, што суседзям гэта таксама дастаўляе некаторыя непрыемнасці. Але, з іншага боку, у цябе непрыемнасцяў усё роўна больш. Ты ўжо не ведаеш, што рабіць з гэтым набыццём. Таму што старыя праблемы ніяк не вырашаюцца, а да іх яшчэ дадаюцца новыя. І мяжу, ад якой і так мала што засталося, табе пагражаюць цалкам закрыць.

Вось у гэты момант табе тэлефануе адна мудрая жанчына і кажа: «Ды адпраў ты ўжо сваіх мігрантаў назад!» І ты пляскаеш сябе па лбе: «А сапраўды! Я буду самотны, нікім не прызнаны і санкцыянаваны з розных бакоў яшчэ больш, чым раней, але затое ў мяне не будзе мігрантаў! А яшчэ я пагаварыў з адной мудрай жанчынай. Гэта поспех!».

Калі раптам табе давядзецца пачуць, як тэлевізар распавядае пра вялікую дыпламатычную перамогу, то самае галоўнае — правільнае разуменне тэрміналогіі. Гэта значыць, адступленне — гэта змена наступальнай парадыгмы. Уцёкі — аператыўная перадыслакацыя з мэтай змены стратэгічнага балансу расстаноўкі сіл. А здача ў палон — пераход на ўтрыманне суперніка дзеля знясілення яго матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў. Глядзі, не пераблытай!