Эйсмант: У Беларусі знаходзіцца каля 7 тысяч мігрантаў, у тым ліку каля 2 тысяч на мяжы
У Беларусі знаходзіцца каля 7 тысяч мігрантаў, з іх каля 2 тысяч на мяжы, заявіла прэс-сакратарка Лукашэнкі Наталля Эйсмант у чацвер.
«На сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца каля 7 тысяч бежанцаў. З іх на мяжы — у так званым стыхійным лагеры — каля 2 тысяч чалавек. І ад 200 да 500 чалавек — паводле наяўнай інфармацыі — таксама знаходзяцца на мяжы, але стыхійна, у іншых кропках. Гэта ўцекачы, якіх палякі спрабавалі выкінуць сілай за межы Польшчы пасля таго, як людзі туды ўжо праніклі», — цытуе Эйсмант Інтэрфакс-Захад са спасылкай на відэа блізкага да прэс-службы Лукашэнкі тэлеграм-канала «Пул першага».
Яна распавяла аб прапанове Лукашэнкі, якая была агучаная падчас тэлефоннай размовы паміж ім і в. а. канцлеркі Германіі Ангелай Мэркель.
«Еўрапейскі Саюз стварае гуманітарны калідор для 2 тысяч уцекачоў, якія знаходзяцца ў лагеры. Мы бярэм на сябе абавязацельства садзейнічаць (наколькі гэта магчыма і пры іх жаданні) астатнім 5 тысячам вярнуцца на радзіму», — сказала Эйсмант.
«Так, на жаль, толькі каля 400 бежанцаў пагадзіліся вярнуцца на радзіму. Усяго, калі быць дакладнымі, у самалёце, які паляцеў сёння — 374 пасажыры, пераважна грамадзяне Ірака», — адзначыла яна.
Астатнія ўцекачы, што знаходзяцца ў Беларусі, па яе словах, настойваюць на прадастаўленні прытулку ў ЕС, найперш у Германіі.