Міністры замежных спраў G7 у сувязі з мігранцкім крызісам заклікалі «пакласці канец дзеянням рэжыму Лукашэнкі»

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі (G7) і вярхоўны прадстаўнік Еўрасаюза ў галіне замежнай палітыкі асудзілі дзеянні кіраўніцтва Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам на межах.

Міністры замежных спраў G7 4 траўня 2021 года

Міністры замежных спраў G7 4 траўня 2021 года


«Мы, міністры замежных спраў Вялікай сямёркі — Канады, Францыі, Германіі, Італіі, Японіі, Злучанага Каралеўства і Злучаных Штатаў Амерыкі, а таксама Высокі прадстаўнік Еўрапейскага Саюза — асуджаем арганізацыю беларускім рэжымам незаконнай міграцыі праз свае межы. Гэтыя бяздушныя дзеянні ставяць пад пагрозу жыцці людзей. Мы адзіныя ў нашай салідарнасці з Польшчай, а таксама з Літвой і Латвіяй, якія сталі мішэнню гэтага правакацыйнага выкарыстання нелегальнай міграцыі ў якасці гібрыднай тактыкі», — гаворыцца ў заяве, размешчанай на сайце ўраду Вялікай Брытаніі, піша Радыё Свабода.

«Мы заклікаем рэжым, — пішуць міністры, — неадкладна спыніць сваю агрэсіўную і эксплуататарскую кампанію, каб прадухіліць далейшыя смерці і пакуты. Неабходна даць міжнародным арганізацыям неадкладны і бесперашкодны доступ для дастаўкі гуманітарнай дапамогі. Дзеянні беларускага рэжыму — гэта спроба адцягнуць увагу ад пагарджання міжнародным правам, асноўнымі свабодамі і правамі чалавека, уключаючы правы ўласнага народу».

Таксама міністры замежных спраў G7 пішуць, што яны вітаюць высілкі Еўрапейскага Саюза, які цесна супрацоўнічае з краінамі паходжання і транзіту, каб пакласці канец дзеянням рэжыму Лукашэнкі.

«Мы працягнем працаваць разам, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых і падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і правы чалавека ў Беларусі», — гаворыцца ў заяве.