Вайна выгадная сістэме. У Беларусі цяпер можна рабіць што заўгодна і з кім заўгодна

Адвольны гвалт і панаванне глупства — ключавыя фактары кіравання, — піша ў сваім тэлеграме палітолаг Павел Усаў.

_belarus_spectehnika_milicyja_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo.jpg

Лукашэнка і ягонае асяроддзе, увязаўшыся ў вайну з Украінай, разумее, што цяпер у краіне можна рабіць усё што заўгодна і з кім заўгодна. Жанчыны, дзеці, цэлыя сем'і — бязлітасная расправа.

Вайна цалкам развязала кіроўнаму класу рукі ў пытанні татальнага знішчэння рэшткаў нацыянальнай і інтэлектуальнай супольнасці Беларусі, не толькі на групавым, але і на індывідуальным узроўнях.

Паказальныя расправы над Кацярынай Андрэевай і сям'ёй Дашкевічаў (Змітром і Настай), арышт Ягора Лебядка, аблавы па спісе — усё як ва ўмовах акупацыі або рэвалюцыйных чыстак.

У гэтым плане вайна выгадная сістэме. На фоне масавых забойстваў ва Украіне лягчэй прыкрыць знішчэнне ідэалагічных ворагаў унутры краіны.

І самае галоўнае — як людзі пры ўладзе, так непасрэдныя выканаўцы ўжо нічога не дамагаюцца, у іх няма мэтаў, няма ідэалагічных матываў (ім не патрэбна краіна, бо яны яе метадычна знішчаюць). Іх галоўная задача — выжыванне. Банальнае фізічнае, паразітычнае, прымітыўнае выжыванне пры тым камфорце існавання, які ў іх яшчэ ёсць.

Адносіны паміж дзяржаўнымі структурамі і грамадствам рэгулююцца толькі ступенню і ўзроўнем палітычнага гвалту. А ён дасягнуў такога ўзроўню, што нават апантаны "ябацька" не будзе ад яго абаронены, калі непасрэдна сутыкнецца з гэтым.

Ёсць яшчэ адзін аспект, які характэрны для цяперашняй сістэмы. Ён прысутнічаў заўсёды, але цяпер асабліва ўзмацніўся, з прычыны чыстак унутры ўсіх дзяржструктур і хуткага прасоўвання зусім недалёкіх людзей. Я кажу пра вертыкальнае множанне глупства. Гэта выяўляецца ў тым, што па меры прасоўвання таго ці іншага рашэння зверху ўніз, або рэалізацыі генеральнай ідэалагічнай лініі, аб'ём глупства і неадэкватнасці неверагодна ўзрастае.

Адвольнасць гвалту і панаванне глупствы становяцца ключавымі фактарамі кіравання. Прыклад таму — знішчэнне магіл польскіх вайскоўцаў у Мікулішках, стрэльбы з рыдлёвак, іншыя ідэалагічныя і выхаваўчыя мерапрыемствы. Для выжывання рэжыму (дакладна гэтак жа і ў Расіі) гэта неабходная ўмова. Укараненне ідыёцкіх практык (умоўна, усім начапіць літару Z) — гэта ўжо не барацьба з палітычным мысленнем, гэта ўжо барацьба з крытычным мысленнем і элементарным непаслушэнствам.

Вядома, для Беларусі ў доўгатэрміновай перспектыве гэта будзе мець згубны эфект, бо краіна хутка стане несучаснай, дэградуе, у тым ліку і ментальным аспекце, ды ператворыцца ў ваенны феадалізм.